Logo
Print this page

Папа Францішак павіншаваў з юбілеем беларускага Мітрапаліта Філарэта

Пантыфік перадаў віншаванне праз арцыбіскупа Кандрусевіча, якога выпадкова сустрэў у Ватыкане. А яшчэ сказаў, што памятае аб запрашэнні наведаць Беларусь.

Папа Рымскі Францішак 11 кастрычніка выпадкова сустрэў у Ватыкане старшыню Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Беларускі іерарх суправадзіў Пантыфіка на пасяджэнне Сінода і падчас дарогі расказаў, што сёння Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Філарэт адзначае 40-годдзе прызначэння кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Папа, даведаўшыся пра юбілей мітрапаліта Філарэта, папрасіў ад яго імя павіншаваць Ганаровага Патрыяршага Экзарха і запэўніць у яго блізкасці і малітве. Па тэлефоне з Ватыкана мітрапаліт Кандрусевіч павіншаваў праваслаўнага брата ад свайго імя, падзякаваўшы за за вялікі ўнёсак у духоўнае адраджэнне Беларусі, а таксама перадаў віншаванне ад Папы Рымскага, паведамляе Catholic.by.

Таксама падчас кароткай размовы па дарозе на Сінод арцыбіскуп Кандрусевіч і папа Францішак размаўлялі пра Каталіцкую Царкву ў Беларусі. Пантыфік памятае, што прэзідэнт Беларусі запрашаў яго наведаць краіну. Аб сваёй надзеі, што гэты візіт адбудзецца, сказаў Францішку мітрапаліт Кандрусевіч.

Фота: Catholic.by.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.