Мітрапаліт Кандрусевіч патлумачыў, чаму Скарыну нельга прызнаць благаслаўлёным
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Для пачатку трэба знайсці месца пахавання беларускага першадрукара.
У адказ на ініцыятыву адносна беатыфікацыі Францішка Скарыны, з якой 16 кастрычніка выступіла Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з заявай.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі напісаў, што Каталіцкі Касцёл з вялікай павагай адносіцца да асобы і заслугаў беларускага першадрукара Францішка Скарыны. Аднак працэдура беатыфікацыі (працэс абвяшчэння благаслаўлёным) у Каталіцкім Касцёле акрэсліваецца Апостальскай Канстытуцыяй Divinus perfectionis Magister папы Яна Паўла ІІ. Паводле гэтага дакумента, беатыфікацыйны працэс можа распачаць толькі біскуп таго месца, дзе пахаваны чалавек, пра беатыфікацыю якога ідзе гаворка.
На жаль, дакладна невядома, дзе пахаваны Францішак Скарына. Гэты факт пакуль што не дае ніякіх шанцаў на распачацце працэсу яго беатыфікацыі.
Да таго ж, касцёльнае заканадаўства прадугледжвае шмат іншых умоваў для распачацця беатыфікацыйнага працэсу, і адной з галоўных з’яўляецца перакананне Божага народа ў святасці гэта чалавека і ў гераічнасці цнотаў, якія ён практыкаваў у сваім зямным жыцці. Акрамя таго, з моманту смерці кандыдата для беатыфікацыі павінен існаваць яго культ сярод вернікаў. Так, напрыклад, падчас пахавання св. Яна Паўла II 8 красавіка 2005 г. на плошчы Святога Пятра ў Рыме з’явіліся плакаты з надпісам: «Ужо святы».
Што да закліку пісаць лісты прошчу парафіі св. Сымона і св. Алены кс. Уладзіславу Завальнюку, то Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі не давала ніякіх паўнамоцтваў кс. каноніку Уладзіславу збіраць матэрыялы для ініцыявання працэсу беатыфікацыі Францішка Скарыны.
- Працэс беатыфікацыі з’яўляецца перадусім юрыдычным актам, у якім неабходна захоўваць нормы касцёльнага заканадаўства, - цытуе Catholic.by.
Таму сабраныя такім чынам матэрыялы не могуць быць далучаныя да працэсу беатыфікацыі ў выпадку яго распачацця біскупам месца, дзе пахаваны наш славуты зямляк.
Related items
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад
- «Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася
- Мілыя фота з жывёламі ў Баранавічах выклалі манаскія асобы