«Людзі яго любяць». Найстарэйшы каталіцкі біскуп Беларусі адзначае 75-годдзе
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
60 км да першай споведзі на ровары, 3 гады падпольнай семінарыі, 5 св. Імшаў у дзень, 10 адкрытых парафій, штодня Ружанец і Крыжовы шлях. Што яшчэ мы ведаем пра біскупа Казіміра Велікасельца?
5 мая 2020 г. дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец адзначае сваё 75-годдзе. Гэта найстарэйшы іерарх сучаснага Каталіцкага касцёла ў Беларусі. Яго святарская і біскупская дзейнасці прыпалі на гады адраджэння парафій і ўсёй структуры Касцёла ў Беларусі, і ў гэтую вялікую справу біскуп Казімір унёс важкі ўклад. У апошнія гады іерарх служыць у Гомелі, дзе будуе новую святыню - ужо чацвёртую за сваё жыццё.
Як вядома, па дасягненні 75-гадовага ўзросту біскупы, паводле Кодэкса кананічнага права, падаюць заяву аб сыходзе на пенсію. Таму цяперашні дзень нараджэння для біскупа Казіміра - важная дата, у якую ён падводзіць вынік сваёй пастырскай дзейнасці.
У гэтыя дні, калі ў Беларусі распаўсюджваецца каронавірус, іерарху даводзіцца асабліва берагчыся ў сілу свайго ўзросту, таму ён знаходзіцца на самаізаляцыі. З-за гэтага, а таксама з-за сваёй сціпласці, біскуп Казімір не стаў размаўляць на тэму свайго 75-годдзя.
Але Беларуская служба Ватыканскага радыё пагутарыла з калегам юбіляра, старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Ён, дарэчы, таксама хутка будзе адзначаць аналагічную дату - у пачатку 2021 года.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч памятае сваё знаёмства з Казімірам Велікасельцам. Гэта было ў 1980-х гадах у Вільні. У той час малады святар Тадэвуш Кандрусевіч служыў у капліцы Вастрабрамскай Маці Божай, а Казімір Велікаселец - працаваў зваршчыкам на будаўніцтве ўнівермага ў Вільні, і прыходзіў на св. Імшы. І ўжо тады - вучыўся ў падпольнай духоўнай семінарыі. Час быў цяжкі, не хапала кніг, таму Казімір прасіў у кс. Тадэвуша літаратуру для навучання. Так і пасябравалі.
«Я ў ім бачу вельмі адданага Касцёлу чалавека. І ў той жа час - вельмі простага чалавека, які ўмее размаўляць з кожным: і з вельмі адукаваным, і з тымі, хто займае высокія пасады, і са святарамі, біскупамі. Мне падабаецца стыль яго прапаведвання: проста і адначасова глыбока. Біскуп Казімір часта праводзіць рэкалекцыі, і мне даводзілася чуць ад святароў з Польшчы: «У нас вёў рэкалекцыі біскуп Велікаселец - як ён падняў дух народу! Як прамаўляў!» Вельмі проста і даходліва, з жыццёвымі прыкладамі - гэта уздзейнічае на людзей лепей, чым тэалагічныя размовы. Людзі яго любяць», - падкрэсліў арцыбіскуп.
Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што ў біскупскай канферэнцыі Казімір Велікаселец займае актыўную пазіцыю, вырашае пытанні з практычнага пункту погляду. Арцыбіскуп нагадаў, што ягоны калега распачынаў будоўлю святыні ў Брэсце - няпроста было атрымаць дазвол, распачаць і весці будоўлю. Цяпер аналагічная справа ў Гомелі. Даводзілася часта прыязджаць у горад, размаўляць з уладамі, цярпліва рухаўся і ўрэшце атрымаў дазвол, пачаў будоўлю.
«Хочацца падзякаваць біскупу Казіміру за яго адданае, ахвярнае служэнне як святара, законніка, біскупа, і пажадаць добрага здароўя, каб ён працягваў выкарыстоўваць таленты, якімі адарыў яго Бог, для развіцця касцёла і збаўлення людзей!» - дадаў арцыбіскуп.
Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 г. у вёсцы Стараволя Пружанскага раёна цяперашняй Брэсцкай вобласці ў сям'і простых сялян. Ужо ў 1948 г. парафіяльны касцёл тут зачынілі, святара арыштавалі. Але дзякуючы глыбокай веры бацькоў Казімір з дзяцінства быў прывучаны да малітвы. Да першай споведзі і св. камуніі хлопчыка рыхтаваў бацька. І ў 10-гадовым узросце адвёз яго на ровары ў бліжэйшы касцёл у Кобрын - гэта 60 кіламетраў у адзін бок. Казімір Велікаселец памятае, як у дзве гадзіны ночы бацька пасадзіў яго побач на ровар, да 8 раніцы яны былі ў Кобрыне. Там святар прыняў іспыт у Казіміра, дапусціў яго да першай споведзі і камуніі. Назад дадому - таксама 60 кіламетраў на ровары.
Сям'я слухала па радыё св. Імшу на польскай мове. У юнацтве Казімір вывучыў на памяць Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. І, калі яго прызвалі ў войска, чытаў Літанію штодня: калі засцілаў ложак раніцай ці калі клаўся спаць пасля адбою. Кожную нядзелю замест святой Імшы адгаворваў на пальцах св. Ружанец. Дарэчы, цяпер біскуп Казімір штодня моліцца ўсе чатыры часткі Ружанца, а таксама Крыжовы шлях.
Пасля войска ён адправіўся працаваць на будоўлю ў Вільню. Там жа пазнаёміўся з братамі-дамініканцамі, у далейшым прынёс у ордэне першыя манаскія шлюбы. Тры гады ўлады не давалі Казіміру магчымасць паступіць у Рыжскую семінарыю. Вярнуўшыся ў БССР, у канспірацыі рыхтаваўся да паступлення. Двойчы ездзіў у Маскву з просьбай дазволіць яму паступіць у семінарыю. У выніку дамогся гэтага дазволу і ў 1981 годзе быў прыняты ў Рыжскую семінарыю адразу на трэці курс.
Біскуп Казімір узгадвае, што першапачаткова ён хацеў паступаць у медыцынскі інстытут, падаў туды дакументы, але працягваў сумнявацца ў пакліканні. Тады звярнуўся да Панны Марыі праз Астрабрамскі абраз з просьбай дапамагчы вызначыцца ў пакліканні. Узамен паабяцаў на працягу года штодня ўдзельнічаць у св. Імшы. Аднойчы падчас пілігрымкі да абраза Божай Маці ў Шылуве пачуў заклік паступаць у семінарыю.
Адразу пасля заканчэння семінарыі святар абслугоўваў пяць парафій - гэта значыць, што ў нядзелю трэба было служыць пяць св. Імшаў! Цікава, што гэтыя парафіі былі ў памежных вёсках і мястэчках Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Атрымліваецца, што за адзін дзень ён бываў адразу ў трох абласцях. Акрамя пастырскага служэння займаўся рэстаўрацыяй і рамонтам святыняў. У цэлым, адкрыў каля дзесяці парафій.
У 1992 г. Казіміра Велікасельца прызначылі Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, у 1999 г. атрымаў біскупскую сакру. Паводле іерарха, у яго служэнні было шмат цяжкасцяў, і ўсе іх ён вырашаў на каленях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, прасіў пасярэдніцтва Божай Маці.
Гаворачы аб выхадзе на пенсію, Казімір Велікаселец прызнаецца, што ён абсалютна спакойны: бо ў кожным статусе можна знайсці для сябе годны занятак.
Media
Related items
- Напярэдадні Вялікадня праваслаўны архіепіскап наведаў каталіцкі цэнтр у Гомелі
- Фэст у лясной капліцы з незвычайнай гісторыяй святкавалі капуцыны і пілігрымы
- Глядзець, чытаць, удзельнічаць: праваслаўная Велікодная служба па-беларуску з анлайн-трансляцыяй пройдзе ў Вільні
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- І ў горадзе, і ў вёсцы: фестываль арганнай музыкі пройдзе ў касцёлах Беларусі