Logo
Print this page

Біскуп Пінскі звярнуўся да медыкаў і параіў, як ставіцца да хваробы

Антоні Дзям’янка спадзяецца на хуткае вяртанне да працы пасля перанесенай цяжкай хваробы

У Дзень медыцынскага работніка, які адзначаецца ў Беларусі 21 чэрвеня, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка звярнуўся да вернікаў і медыкаў.

- Увесь свет закранула пандэмія і хвароба. Гэта змяніла наш падыход да жыцця і яшчэ больш адкрыла вочы на Бога. Пан Бог і мяне выпрабаваў хваробай, аб чым вы ведаеце. Таму прашу вас паслухаць некалькі маіх думак аб хваробе, - гаворыцца ў паведамленні, поўны тэкст якога апублікаваны на сайце Пінскай дыяцэзіі.

Там, дзе ёсць боль, хвароба, пакуты, там таксама блізка ёсць Бог, піша біскуп:

- Хвароба, якая перажываецца ў хрысціянскім духу, можа быць распазнаная і прынятая як час наведвання Бога, а разам з тым як заклік да перамены і паляпшэння свайго жыцця. Хворы павінен задумацца над пытаннем: што канкрэтна Бог хоча сказаць яму праз гэтае цярпенне? Часам хвароба становіцца нагодаю да таго, каб апамятацца. Іншым разам яна выступае як прылада ў Божых руках, якая служыць нашаму духоўнаму ўзрастанню. Хворы павінен ведаць, што стан яго здароўя можа стаць часам Божай ласкі, часам духоўнай засяроджанасці, якая вядзе да ўнутранай перамены і спрыяе набліжэнню да Бога.

Пінскі ардынарый звярнуўся да медыкаў:

- Асабіста хачу выказаць вялікую ўдзячнасць дактарам з Пінска і Брэста, дзе я на сабе адчуў іх добразычлівасць і прафесійную медыцынскую дапамогу.

Біскуп Антоні адзначыў, што падчас лячэння штодня маліўся за вернікаў дыяцэзіі, прасіў таксама, «каб добры Бог прыняў мае цярпенні і ператварыў іх у дабро для Пінскага Касцёла». Іерарх выказаў надзею на сваё хуткае вяртанне да працы.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.