Біскуп Касабуцкі: молімся за палітвязняў, за тых, хто б’е і выконвае злачынныя загады
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
У Мінску ахвяравалі Эўхарыстую ў інтэнцыі вяртання на радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і аб усталяванні справядлівасці ў Беларусі
Падчас урачыстай святой Імшы ў Мінску на свята апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша трон арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча заставаўся пустым: сёлетнія імяніны іерарх сустрэў у выгнанні. Біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі ахвяравалі Эўхарыстыю ў інтэнцыі вяртання на радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і аб усталяванні справядлівасці на беларускай зямлі, паведамляе Catholic.by.
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі падкрэсліў, што выгнанне Старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, якога ўлады незаконна пазбавілі права вярнуцца ў сваю краіну, стала праяваю жорсткага пераследу і ўціску чалавека, што цяпер адбываецца на нашай зямлі.
Таму да інтэнцыі аб вяртанні арцыпастыра біскупы далучылі малітву за ўсіх палітвязняў, зняволеных у беларускіх турмах за сваю сумленную грамадзянскую пазіцыю; за ўсіх пацярпелых, збітых, параненых.
Паводле біскупа Юрыя Касабуцкага, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч стаў сімвалам усіх тых людзей, якія сёння нявінна церпяць пераслед і нават катаванні ў нашай краіне ў цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі:
- Мы молімся таксама за ўсіх тых, хто найбольш патрабуе нашай малітвы, чыё сэрца напоўнена нянавісцю, злосцю да ўласнага народа; за тых, хто б’е, за тых, хто нападае на людзей на вуліцах, кідае іх у вязніцы; за тых, хто аддае і выконвае злачынныя загады супраць беларускага народа; за ўсіх тых, хто ўдзельнічае ў гэтым генацыдзе супраць нашага народа. Мы молімся аб ласцы пакаяння і навяртання для гэтых людзей.
Цэнтральнай думкай Божага слова, якое прамовіў на святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі, сталі словы, якія часта паўтараў святы Ян Павел ІІ: «Не бойцеся». На пачатку біскупскага служэння Тадэвуша Кандрусевіча, перад якім стаяла па-чалавечы вельмі складанае апостальскае заданне адраджэння Касцёла пасля дзесяцігоддзяў атэістычнага савецкага пераследу, Святы Айцец сказаў яму: «Не бойся, Тадэвуш!» І першы ў сучаснай гісторыі беларускі біскуп бясстрашна прыступіў да выканання гэтага задання, аднаўляючы каталіцкія парафіі і адбудоўваючы зруйнаваныя і апаганеныя святыні. Гэтыя словы святога Яна Паўла ІІ набываюць асаблівае значэнне цяпер, калі арцыбіскуп Кандрусевіч перажывае момант цяжкага выпрабавання.
- 31 жніўня ён не змог вярнуцца ў сваю краіну, у Беларусь. Так, гэта - палітычная акцыя, скіравана не столькі, можа, супраць нашага Мітрапаліта, колькі супраць усіх католікаў, усяго Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, каб нас нейкім чынам напалохаць, - сцвердзіў біскуп Касабуцкі, дадаўшы, што мэтаю гэтага запалохвання з’яўляецца імкненне прымусіць вернікаў заставацца ў межах бязбожнай і злачыннай ідэалогіі марксізму-ленінізму.
- Грамадзянін Беларусі не змог уехаць на сваю Бацькаўшчыну, у сваю краіну, бо ён сваім словам, сваім спачуваннем, сваёй блізкасцю да беларускага народа, сваёй пропаведдзю сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла стаў невыгодным. На жаль, у нашай краіне гэта ёсць, і мы молімся за нашу Бацькаўшчыну, мы молімся за нашу краіну, мы молімся за наш народ, <…> і гэтая малітва мае неверагодную сілу. Гэтая малітва прынясе свой плён, - упэўнены біскуп Юрый Касабуцкі.
Завяршылася святая Імша ў мінскай катэдры спевам малітвы «Магутны Божа» - рэлігійнага гімна Беларусі з просьбай да Усемагутнага Бога зрабіць свабоднай і шчаслівай краіну нашу і наш народ.
Media
Related items
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад
- Ці ўступаць у піянеры, спыталі ў вернікаў – частка адказаў здзівіла
- «Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася