Logo
Print this page

Праваслаўны іерарх прапанаваў устанавіць адну дату Пасхі для ўсіх хрысціян - рэакцыя Ватыкана і РПЦ

Католікі і праваслаўныя святкуюць Уваскрасенне Хрыстова асобна з-за розных методык разліку даты Пасхі

За праваслаўную рэформу календара выказаўся Кіраўнік Пастаяннага Экуменічнага Прадстаўніцтва Патрыярхату Канстанцінопаля пры Сусветнай радзе Цэркваў у Жэневе арцыбіскуп Тэлмескі Ёў Геча. Ён выказаў прапанову ад Праваслаўнай царквы аб устанаўленні агульнай для ўсіх хрысціянаў даты святкавання Вялікадня. Стала вядома, што ў Ватыкане з радасцю ўспрынялі гэтую прапанову. Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох адзначыў:

- Вялікдзень - самае вялікае свята хрысціянства. Таму было б прыгожым і важным знакам, калі б мы як хрысціяне мелі агульную дату для гэтага свята, - цытуюць кардынала каталіцкія інфармацыйныя агенцыі. Старшыня ватыканскага ведамства дадаў, што гэтае «жаданне вельмі па душы Папу Францішку і копцкаму Патрыярху Тавадрасу».

- Хоць устанавіць агульную дату Вялікадня будзе няпроста, аднак варта гэтым заняцца, - лічыць кардынал Кох.

Цікава, што ў 2025 годзе Пасха ў заходняй і усходняй традыцыях (у католікаў і праваслаўных) прыпадае на адзін дзень - 20 красавіка. Увогуле, дату свята заходнія і ўсходнія хрысціяне разлічваюць па месяцова-сонечным календары, але рознымі методыкамі. Таму дата Вялікадня ў католікаў і праваслаўных рэдка супадае.

Дарэчы, на 2025 год прыпадае таксама 1700-я гадавіна Першага Сусветнага Сабору ў Нікеі. Паводле праваслаўнага іерарха, «гэта добрая нагода, каб нагадаць хрысціянам аб патрэбе рэформаў календара і ўстанаўленні агульнай даты велікодных святаў, каб такім чынам застацца сапраўды вернымі пастановам Сусветнага Сабору».

Ужо з'явілася рэакцыя прадстаўніка Маскоўскага патрыярхату на гэтую прапанову - яна адмоўная. У РПЦ лічаць, што гэты крок стане «дэзінтэграцыйным» у праваслаўным асяродку.

Нагадаем, Папа Рымскі Францішак таксама прапаноўваў католікам і праваслаўным адзначаць Пасху ў адзін дзень. Напрыклад, у другую нядзелю красавіка кожнага года.

Last modified onПятніца, 12 Сакавік 2021 23:40
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.