На свяце вёскі, якую выратавалі крыжы, сабралі грошы на рамонт касцёла
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
У храме ўжо зрабілі частковы рамонт, дзякуючы сабраным на мінулым фэсце сродкам
У вёсцы Вынішчы Слуцкага раёна прайшоў фэст, які сабраў шмат гасцей. Гэта традыцыйнае свята, якое вяскоўцы сваімі сіламі ладзяць штогод. На імправізаванай сцэне спяваюць песні, для дзяцей усталёўваюць батуты, прадаюць цацкі і хатнюю выпечку, робяць грым. А атрыманыя з гэтага свята грошы ідуць на аднаўленне мясцовага каталіцкага храма, Дома культуры, добраўпарадкаванне вёскі.

У касцёле Нараджэння Святога Яна Хрысціцеля ўжо зрабілі частковы рамонт, дзякуючы сабраным на мінулым фэсце сродках. Вяскоўцы праводзілі работы сваімі сіламі. Ініцыятарам стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры, жыхарка вёскі Валянціна Шышко.
- Касцёл у 1993 годзе яшчэ мая цётка пачынала будаваць. З часам храм стаў патрабаваць рамонту. Вось мы на грамадскія грошы закупілі будматэрыялы і за чатыры вечары сваімі сіламі зрабілі, - распавядала Валянціна Шышко журналістам летась. У далейшых планах - адрамантаваць столь храма.

Дарэчы, падчас Другой сусветнай вайны вёска ўцалела, як сведчаць мясцовыя жыхары, дзякуючы веры. 19 лютага 1943 года ў вёсцы ўстанавілі пяць крыжоў. Ужо 23 лютага ў ваколіцы карнікі спалілі 9 вёсак, а Вынішчы ацалелі. З таго часу кожны год 19 лютага жыхары сталі хадзіць вакол вёскі, падыходзілі да кожнага крыжа і прасілі, каб Бог засцярог ад вайны. Да крыжоў у Вынішчах і суседніх вёсках засталося асаблівае стаўленне: кожны вернік час ад часу прывязвае да крыжа светлую хустку з вышытым на ёй крыжам.
Related items
-
Памяць аўтара «першага беларускага блюзу» ўшанаваў біскуп і ацаніў зробленую ім жырандоль
-
Якім будзе новы касцёл у Магілёве, дзе і калі яго пабудуюць?
-
Як прасоўваецца рэканструкцыя Чырвонага касцёла ў Мінску – фотафакт
-
У «Гомельскіх Курапатах» адбылося набажэнства, а ў Мінску, падобна, – зноў не
-
Пра штучныя кветкі на могілках і немагчымасць наведаць магілы родных далі парады святары