Logo
Print this page

«Спынілася сэрца, знайшлі ля касцёла». Малады ксёндз раптоўна памёр у Гродзенскай вобласці

Святар як раз адправіў пахавальную Імшу, пасля якой яго самога знайшлі памерлым.

Ва ўзросце 34 гадоў 12 верасня адыйшоў у вечнасць пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах ксёндз Ян Варанецкі. У афіцыйным паведамленні не гаворыцца пра абставіны смерці, аднак мы лічым, што ў тым выпадку, калі раптоўна памірае малады святар, гэтыя звесткі важныя для вернікаў.

Для кагосьці гэта можа быць знакам, апошняй навукай спачылага святара – хаця б пра тое, што варта быць штодня гатовым да ўласнай смерці і сустрэчы з Богам.

Таму даведаліся некаторыя падрабязнасці, пра якія вернікі распавялі ў сацсетках.

«Шчырае спачуванне бацькам і родным, раздзяляем боль з усімі вернікамі з Анжадава, дзе спынілася яго святарскае сэрца», – напісала адна з верніц.

Гаворка – пра вёску Анжадава ў Ашмянскім раёне, дзе ў 1990-х гадах быў пабудаваны касцёл.

«Усё адбылося раптоўна. Ксёндз як раз адправіў пахавальную Імшу, вельмі цікавае казанне прамовіў. Усё было як заўсёды. Выбачыўся перад роднымі памерлага, што не можа паехаць на могілкі, бо спяшаецца на Імшу ў шпіталь. Усе паехалі. А яго праз некаторы час знайшлі нежывым ля касцёла, ён нават не паспеў ад'ехаць. Верагодна, тромб. Экспертыза пакажа. Вернікі ў стрэсе».

Ксёндз Ян нарадзіўся ў 1991 годзе, паходзіў з парафіі ў Мікелеўшчыне. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 2016 годзе. Быў вікарыем парафіі ў Ашмянах, гродзенскіх парафій Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Францішка Ксаверыя. У ліпені 2024 года стаў пробашчам ашмянскай парафіі.

«Ксёндз пробашч Ян застанецца ў нашай памяці добрым, зычлівым, заўсёды пунктуальным, шчырым у малітвах, назаўсёды прыгожым і маладым», – адзначылі вернікі.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.