Logo
Print this page

Падарыў бяздомнаму ружанец, пераемніку – плашч. Апошнія жэсты біскупа Казіміра Велікасельца

Даведаліся некалькі дэталяў з апошніх дзён зямнога жыцця іерарха.

На простых сельскіх могілках у Шэрашаве 12 лютага пахавалі біскупа Казіміра Велікасельца. Яго раптоўная смерць узрушыла каталіцкую супольнасць Беларусі і стала нагодай, каб перагледзець сваё стаўленне да пастыраў, якія пакуль яшчэ побач.

Тым больш, біскуп Казімір стаў першым сучасным беларускім каталіцкім іерархам, які пайшоў з жыцця за апошнія 15 гадоў – пасля смерці кардынала Свёнтка.

У сваіх водгуках некаторыя вернікі адзначалі, што калі раней часам пасмейваліся з простых, часам аднатыпных пропаведзяў біскупа Казіміра, то цяпер зрабілі пераацэнку і ўбачылі зусім іншы вобраз гэтага пастыра.

Каб дапоўніць яго, даведаліся некалькі дэталяў з апошніх дзён зямнога жыцця іерарха.

За некалькі дзён да сваёй смерці біскуп Казімір падарыў дарагі прыгожы ружанец (пацеры для малітвы ў католікаў) чалавеку, у якога няма свайго жылля. Як даведаліся вернікі, мужчына часта прыходзіў у касцёл, заставаўся на малітву разам з біскупам. Ён начуе ў чужой кватэры і аплочвае койку з тых сродкаў, якія атрымлівае за знойдзеную на сметніках другасную сыравіну.

Біскуп не браў да ўвагі сацыяльны статус чалавека, а толькі яго душу – удзяляў яму час, даваў парады. Апошнім падарункам стаў ружанец.

Цяперашні Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска, прызначаны на гэту пасаду, якую шмат гадоў займаў біскуп Казімір, распавёў падчас жалобнай Імшы кранальную гісторыю. Некалькі месяцаў таму да яго прыйшоў біскуп Казімір і падарыў свой адмысловы святарскі плашч, кажучы:

«Браце, насі на здароў’е, ён амаль што новы...»

Цяпер біскуп Андрэй спадзяецца, што стаўшы перад Богам, біскуп Казімір будзе ўкрываць плашчом малітоўнага заступніцтва і яго самога, і ўвесь Пінскі Касцёл.

Таксама вядома, што амаль да апошніх хвілін жыцця біскуп Казімір спавядаў парафіян у Гомелі. Адзін з вернікаў, які ў той дзень быў у споведзі ў іерарха, прызнаўся, што гэт была не фармальная споведзь, а доўгая размова на розныя тэмы. Адной з такіх тэм быў сам сакрамэнт пакаяння. Біскуп адзначаў, што падчас навучання ў семінарыі там было прынята спавядацца штотыдзень па пятніцах. Магчыма, для некага гэта стане важным апошнім настаўленнем біскупа Казіміра.

Запрашаем дзяліцца ў каментарах і сацсетках іншымі фактамі апошніх дзён спачылага іерарха.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПятніца, 13 Люты 2026 13:52
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.