Logo
Print this page

Пытанні каталіцкаму святару задала аўдыторыя Threads. Адно аказалася моўным

Высветлілася, што ёсць запыт на большую колькасць святых Імшаў у Мінску па-польску, а таксама – аб адпраўленні Імшаў на рускай мове.

Праект Pax.tv, якім кіруе прэс-сакратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Юрый Санько, задаў пытанне ў Threads: што б вы спыталі ў каталіцкага святара?

Па адказах было відаць, што на пост адрэагавалі далёкія ад Касцёла людзі, пытанні якіх адлюстроўваюць тыповыя памылковыя меркаванні ў грамадстве аб Каталіцкай царкве – ад Крыжовых паходаў да святароў-педафілаў.

Аднак былі і некаторыя нечаканыя пытанні, у тым ліку на тэму мовы ў літургіі Касцёла. Аказалася, ёсць запыт на большую колькасць святых Імшаў у Мінску па-польску, а таксама – аб адпраўленні Імшаў на рускай мове.

Адна з верніц запытала:

«Калі ў Беларусі ў кожным касцёле будзе опцыя службы на рускай мове, хаця б адна на тыдзень у нядзелю? На польскай ёсць, хоць дзяржаўныя мовы афіцыйна беларуская і руская. У Магілёве, бліжэйшым да Расіі беларускім абласным цэнтры, няма службы на рускай мове. Для мяне здаецца вельмі дзіўным, калі людзі гавораць у абсалютнай большасці ў Беларусі на рускай мове, а службы – на беларускай».

Верніца спытала, куды звярнуцца на гэты конт. Святар адказаў, што «гэта пытанне няпростае», і параіў звярнуцца да свайго пробашча.

Адрэагавалі і іншыя вернікі. Як напісаў адзін з іх, ён спадзяецца, што ў беларускім касцёле не будзе Імшаў па-руску:

«Я таксама размаўляю ў большасці на рускай мове, але Імшу па-руску проста не ўяўляю! Касцёл – аддушына, дзе ўсё на беларускай, і гэта крута. За Імшамі на рускай – гэта ў Расію».

Аўтар пытання адзначыла, што мае на ўвазе не замену беларускай Імшы на рускую, а адну дадатковую службу ў нядзелю па-руску. Ёй патлумачылі, якія тут узнікаюць складанасці: доўгія ўзгадненні, а ў выніку ўдзельнікаў Імшы будуць адзінкі.

Што тычыцца большай колькасці Імшаў па-польску, то неабходнасць патлумачылі так. Па-першае, ёсць пажылыя вернікі, якія звыкліся да польскай Імшы, а малітвы па-беларуску ім вывучыць цяжка. Па-другое, маладыя людзі, якія прыехалі ў Мінск з глыбінкі Гродзенскай вобласці, таксама звыкліся да Імшаў па-польску – у сталіцы ім такіх не хапае.

На гэту просьбу святар параіў звяртацца да кіраўніцтва архідыяцэзіі.

Адзначым, што ў многіх парафіях Гродзенскай вобласці ў апошнія гады польская мова ў літургіі саступае месца беларускай.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.