Logo
Print this page

Лепшыя музыкі Гомеля сыгралі Калядны канцэрт у касцёле [фота]

30 снежня ў гомельскай рыма-каталіцкай царкве прайшоў традыцыйны Калядны канцэрт класічнай музыкі, які кожны год ладзіць у храме Таццяна Томсан і яе сябры.

Зала гомельскага касцёла сустрэла музыкаў аншлагам. Перад пачаткам канцэрту пробашч парафіі айцец Славамір Ласкоўскі адзначыў, што музыка - гэта таксама хвала Госпаду:

- Бог - для нас усіх. Незалежна ад таго, да якой канфесіі мы належым, і нават калі лічым сябе атэістам, Гасподзь прыйшоў для ўсіх. І да апошняга моманту жыцця кожнага Ён змагаецца за тое, каб чалавек адкрыў для Яго сваё сэрца. Бедная Бэтлеемка, якую вы бачыце ў алтара, - вось уся праўда пра нас.

Святар пажадаў, каб святло музыкі павяло на нябёсы і дапамагло адчуць радасць Раства.

У касцёле з бясплатным канцэртам выступілі лепшыя музыканты Гомеля з гарадскога сімфанічнага аркестра і іншых калектываў. Парафіяне і госці храма пачулі музыку эпохі барока, класіцызму, 20-га стагоддзя.

- Мы кожны год бясплатна ладзім такія канцэрты, каб прынесці радасць аматарам музыкі. Для іх мы стараемся. Нехта ж павінен гэта рабіць! І нам самім гэта падабаецца.

Пасля заканчэння выступу біскуп Казімір, які прысутнічаў на канцэрце, падарыў музыкам і слухачам маленькія іконы. А ксендз Славамір дадаў:

- У мяне пыталіся, колькі каштуе квіток на гэты канцэрт. Дык вось, ідзіце і рабіце дабро – такі кошт гэтага квітка!

 

Last modified onЧацвер, 03 Студзень 2013 10:59
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.