Logo
Print this page

Тураўскае Евангелле можа з'явіцца ў кнігарнях Беларусі да канца года

Тураўскае Евангелле з'яўляецца самым старажытным помнікам кніжнай культуры, створаным на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Гомельская абласная бібліятэка, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, а таксама Прадстаўніцтва кампаніі Xerox у Беларусі 10 лістапада правялі прэзентацыю факсімільнага выдання помніка старажытнаславянскага пісьменства XI стагоддзя - Тураўскага Евангелля.

Факсімільныя копіі былі надрукаваныя па ініцыятыве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі накладам 500 асобнікаў з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій. Перавыданне Тураўскага Евангелля стала працягам доўгатэрміновага праекта кампаніі Xerox і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па ўзнаўленні беларускіх помнікаў пісьменства і азнаямлення з імі шырокай грамадскасці.

Тураўскае Евангелле з'яўляецца самым старажытным помнікам кніжнай культуры, створаным на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Рукапіс быў знойдзены ў 1865 годзе ў Тураве і з тых часоў знаходзіцца на пастаянным захоўванні ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх. Помнік уяўляе сабой Евангелле з дадатковымі запісамі, два з якіх былі зроблены ў пачатку XVI стагоддзя ад імя князёў Астрожскіх.

Падчас прэзентацыі адбылася цырымонія дарэння унікальнага выдання бібліятэкам і музеям Гомельскай вобласці. А ў кнігарнях Беларусі Тураўскае евангелле можа з'явіцца ўжо да канца 2014 года - як адзначылі прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, цяпер рыхтуецца камерцыйнае выданне факсімільнай копіі помніка.

Last modified onАўторак, 11 Лістапад 2014 14:51
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.