Logo
Print this page

Выйшаў фільм аб гістарычным абліччы Гомеля з 3D-макетам узарванага касцёла [ВІДЭА]

Энтузіясты паказалі, як бы выглядала галоўная плошча горада, калі адбудаваць знішчаныя будынкі.

Адбылася прэзентацыя праекта «Пошукі старога Гомеля», у рамках якога былі адноўлены ў 3D будынкі, якія знаходзіліся раней на галоўнай плошчы горада. Гэта будынкі каталіцкай святыні Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая была разбурана бальшавікамі ў 1940 годзе, і пажарнага дэпо з каланчой, якое знеслі ў 1960-х гадах.

Па звестках гісторыкаў, касцёл быў пабудаваны па праекце ангельскага архітэктара Джона Кларка ў 1818 годзе па замове Мікалая Румянцава ў стылі класіцызму. За аснову гомельскага храма быў узяты рымскі Пантэон. У 1938-м бальшавікі зачынілі касцёл, а праз два гады яго ўзарвалі. Як гаворыць гарадская легенда, дом, які пазней пабудавалі з касцёльнай цэглы, першым пацярпеў пры бамбёжцы падчас Другой сусветнай вайны.

Група гомельскіх краязнаўцаў-валанцёраў рэалізавала ідэю аб стварэнні фільму аб выглядзе гістарычнага цэнтру горада. Праектам займаюцца гісторык Марыя Булавінская, краязнаўца і архітэктар Сяргей Ляпін ды іншыя аматары мінуўшчыны. У прыватнасці студэнт-архітэктар Раман Рошчанка - адмыслоўца па архітэктурнаму мадэляванню - займаўся асноўнай тэхнічнай працай, робіць 3D-мадэлі будынкаў. Крыніцы, якімі карысталіся аўтары, - дарэвалюцыйныя фотаздымкі, аэрафотаздымкі, таксама краязнаўцы кансультаваліся з даследчыкамі.

- У фільме мы паказалі, як бы Гомель мог выглядаць, калі ўзнавіць некаторыя гістарычныя аб'екты, - гаворыць Марыя Булавінская. Фільм ужо выкладзены ў інтэрнэт.

Нагадаем, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі стаяў у Гомелі на цэнтральнай плошчы да 1940 году. Згодна са старымі фотаздымкамі, спачатку на касцёле было напісана па-лацінску «Sit nomen Domini benedictum usque ad aeternum» («Хай будзе імя Гасподняе дабраславёным навекі вечныя»). А потым надпіс змянілі на польскі «Chwalcie Pana wszystkie narody» («Хваліце Госпада ўсе народы»). З дапамогай супастаўлення савецкіх і нямецкіх аэраздымкаў аўтары фільма змаглі высветліць дакладнае месцазнаходжанне касцёла - раней яно было невядома толькі прыблізна. Святыня стаяла там, дзе зараз знаходзіцца пляцоўка перад уваходам у цяперашні Галоўпаштамт.

Last modified onПятніца, 04 Снежань 2015 09:37
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.