Logo
Print this page

Першы ў Беларусі «каталіцкі клас» маюць намер адкрыць у гомельскай агульнаадукацыйнай школе

З дзецьмі плануецца не толькі праводзіць факультатывы, але і адзначаць у школе каталіцкія святы, ездзіць з экскурсіямі па старадаўніх касцёлах.

У гомельскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №34 абвешчаны набор у першы клас з духоўным ухілам каталіцкага кірунку. Клас плануецца адкрыць у наступным навучальным годзе - 2014/2015.

Ініцыятарам адкрыцця першага ў Гомелі і Беларусі «каталіцкага класа» стала дырэктар САШ №34 Жанна Міхайлаўна Бондарава, хоць сама яна не належыць да каталіцкай канфесіі. Ідэю дырэктара падтрымаў аддзел адукацыі раённай адміністрацыі, праўда, гэтае пытанне яшчэ будзе ўзгадняцца з аддзелам адукацыі гарвыканкама.

- Мы падумалі пра тое, што ў Гомелі ёсць праваслаўныя класы, габрэйскія, але няма каталіцкіх, таму вырашылі стварыць яго ў нашай школе з мэтай духоўна-маральнага выхавання дзяцей, - кажа Жанна Міхайлаўна. - Мы разлічваем, у першую чаргу, на вернікаў мясцовай рыма-каталіцкай царквы, якія будуць дапамагаць нам у выхаванні дзяцей у гэтым класе, распавядаць пра каталіцкія традыцыі. У цэлым, навучальны працэс будзе такім жа, як і ва ўсіх класах, а ў гэтым плануем не толькі ладзіць факультатыўныя заняткі, але і адзначаць у школе каталіцкія святы, ездзіць з экскурсіямі па старадаўніх касцёлах, арганізоўваць разнастайныя сустрэчы. І я, і мае намеснікі ахрышчаны ў праваслаўі, але ж у горадзе шмат каталікоў, якія маглі б прыводзіць да нас сваіх дзяцей.

Дырэктар школы разлічвае на тое, што знойдзецца і педагог-каталік, які мог бы стаць класным кіраўніком новага класа.

Інфармацыю пра тое, што ў Беларусі да гэтага часу не было «каталіцкіх класаў» пацвердзілі ў канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Цікава, што няма такіх класаў нават на Гарадзеншчыне - «самым каталіцкім» рэгіёне Беларусі.

Бацькі, якія жадаюць аддаць сваіх дзяцей у першы клас з духоўным ухілам, могуць ужо звяртацца да дырэктара САШ №34 па тэлефоне 57-84-01, па e-mail sosh_34@tut.by або па адрасе школы: Гомель, вул. Савецкая, 180, прыпынак «Гарэлектратранспарт».

 Чытайце таксама:

У гомельскім касцёле адкрылася Нядзельная школа - фота

У гомельскім касцёле дабраславілі на новы навучальны год - фота

Last modified onАўторак, 15 Кастрычнік 2013 12:25
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.