Logo
Print this page

У Жыткавічах біскуп Велікаселец асвяціў нядаўна пабудаваны каталіцкі храм [фота]

«Мы - дзеці Бога, і на Яго любоў адказваем любоўю, таму будуем храмы, прыходзім на Імшу. І ў гэтым наша сіла».

13 кастрычніка ва ўрачыстай абстаноўцы ў палескім райцэнтры Жыткавічы прайшла кансэкрацыя касцёла Святога Язэпа. Нядаўна пабудаваны каталіцкі храм асвяціў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. На свяце сабраліся вернікі, святары, а таксама прыехалі нямецкія спонсары, айцец Frank Mathiowetz і Stefan Zenfuss. Пробашч парафіі айцец Віталь Мысонаў асабіста акампанаваў на аргане.

- Калі людзі Старога Запавету ўжо стараліся узносіць хвалу Богу, пабудавалі ў Ерусаліме храм у Яго гонар, то тым больш гэта робяць хрысціяне. Вучні Хрыста збіраліся, каб здзяйсняць Таемную вячэру, Эўхарыстыю. І калісьці ў Еўропе селішчу не давалі адміністрацыйнай адзінкі да таго часу, пакуль у ім не пабудуюць царкву. Аснова цывілізацыі Еўропы - гэта хрысціянства. На нашай цудоўнай беларускай зямлі было знішчана столькі шэдэўраў архітэктуры, якія б ўпрыгожвалі зараз нашу зямлю, - сказаў біскуп. - І там, дзе ёсць група вернікаў, якія б хацелі ўдзельнічаць у нядзельнай службе, мы заўсёды імкнемся пабудаваць капліцу ці храм. Вось і ў Жыткавічах саспела такая неабходнасць. Спачатку людзі маліліся ў маленькай капліцы, але за некалькі гадоў з дапамогай спонсараў тут пабудавалі касцёл. Мы - дзеці Бога, і на Яго любоў адказваем любоўю, таму будуем храмы, прыходзім на Імшу. І ў гэтым наша сіла.

Фота сястры Камілы ордэна Бенедыктынак - Самарыцянак Крыжа Хрыстовага.

Last modified onАўторак, 15 Кастрычнік 2013 06:34
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.