Logo
Print this page

Гомельскі вікарый ксёндз Дамінік пакідае парафію і з'язджае вучыцца ў Іспанію - развітальнае ІНТЭРВІЮ

"Жадаю, каб у жыцці кожнага Гасподзь быў на першым месцы, каб мы не будавалі жыццё на матэрыяльным, а шукалі Валадарства Божага".

У нядзелю, 22 чэрвеня, вікарый гомельскай рыма-каталіцкай парафіі айцец Дамінік Шыманскі правядзе ў Гомелі апошнюю Імшу. Ён з'язджае вучыцца ў старадаўні езуіцкі універсітэт Дэюста ў горад Більбаа ў Іспаніі, каб стаць доктарам тэалогіі.

Айцец Дамінік займаўся ў Гомелі служэннем у многіх сферах: ладзіў сустрэчы для моладзі і ў дыскусійным кінаклубе, рыхтаваў міністрантаў, апекаваў гомельскіх скаўтаў, дапамагаў сёстрам Маці Тэрэзы карміць бедных, праводзіў для замежнікаў Імшы на англійскай мове, вазіў моладзь на сустрэчы супольнасці Тэзэ.

Малады ксёндз упершыню прыехаў у Гомель з Польшчы тры гады таму. А афіцыйна пачаў служыць з 20 ліпеня 2012 года пасля атрымання дазволу ад уладаў.

- Спачатку я шмат ездзіў па Беларусі і Украіне і так лепш пазнаёміўся з Каталіцкай царквой на Усходзе. Калі мне далі візу, вырашыў застацца ў Гомелі. Я ўбачыў тут жывую Царкву, нягледзячы на тое, што ў Гомелі мала каталікоў. Вядома, мне вельмі цяжка зараз з'язджаць, я прывык да Гомеля, да парафіі, мне тут добра. Але Святы Дух пастаянна вядзе кожнага чалавека ў шлях і Бог можа хацець ад нас чагосьці новага.

Люблінскі біскуп, якому падпарадкоўваецца айцец Дамінік, прапанаваў маладому святару адправіцца на вучобу ў Іспанію, каб абараніць доктарскую па тэалогіі. Пасля доўгіх малітваў і радаў з духоўнікам ксёндз ўбачыў у паездцы на вучобу Божую Волю.

- Я з цікавасцю і карысцю для сябе правёў гэтыя гады ў Гомелі. Парафія адрозніваецца ад іншых, у прыватнасці, польскіх тым, што ў Гомелі мала так званых "традыцыйных" каталікоў. У Польшчы ўдзел у жыцці Касцёла пачынаецца з дзяцінства: хрост, дзіцячыя катэхезы, першая Камунія. Хрысціянскае жыццё ідзе з пакалення ў пакаленне. А тут многія прыйшлі ў касцёл ужо дарослымі, не маючы асноваў веры, але пачуўшы Слова Божае.

- На развітанне я жадаю ўсім гомельскім вернікам - і сабе таксама - святасці. Жадаю, каб у жыцці кожнага Гасподзь быў на першым месцы, каб мы не будавалі сваё жыццё на чымсьці матэрыяльным, а шукалі Валадарства Божага, клапаціліся не толькі пра сваё цела, але і аб сваёй душы. Спадзяюся, што буду прыязджаць у Гомель да вас у госці, але жадаю, каб у рэшце рэшт усе мы сустрэліся на Нябёсах!

Last modified onАўторак, 17 Чэрвень 2014 13:54
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.