У Гомелі і ва ўсіх касцёлах Беларусі дабраславілі кіроўцаў і асвяцілі аўтамабілі - ФОТА + Малітва кіроўцы
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
Але Касцёл нагадвае, што не варта ставіцца да асвячэння аўтамабіля як да нейкага магічнага рытуалу.
25 ліпеня Касцёл успамінае не толькі святога апостала Якуба, але і святога Крыштафа (Хрыстафора). Святы Крыштаф з’яўляецца апекуном кіроўцаў, маракоў, падарожнікаў і пілігрымаў, таму ў гэты дзень у каталіцкіх парафіях адбываецца асвячэнне машын і благаславенне кіроўцаў.
Дарэчы, св. Крыштаф лічыцца таксама заступнікам ад неспадзяванай смерці, апекуном атлетаў, шахцёраў, шукальнікаў скарбаў, садоўнікаў, прадаўцоў гародніны, дзяцей; сродкаў камунікацыі; да яго звяртаюцца пры эпідэміях чумы і іншых заразных хвароб, пры пагрозе стыхіі агню і вады, засухі, буры і граду, пры хваробах вачэй, пры зубным болю, пры раненнях.
Касцёл нагадвае, што не варта ставіцца да асвячэння аўтамабіля як да нейкага магічнага рытуалу. Асвячэнне аўто - не гарант таго, что машына ніколі не трапіць у аварыю. Асвячоны - значыць, прысвечаны Богу. Асвячаючы машыну, як, зрэшты, і любую іншую рэч, Касцёл моліцца аб тым, каб яна стала для яе ўладальніка сродкам, які прыносіць не толькі матэрыяльную, але і духоўную карысць.
Асвячэнне аўтамабіля накладае і пэўныя абавязкі. Напрыклад, кіроўца павінен імкнуцца не парушаць правілы дарожнага руху. Калі кіроўца вядзе сябе на дарозе некарэктна ў адносінах да іншых удзельнікаў дарожнага руху, рызыкуе бяспекай людзей - ён здзяйсняе грэх. І грэх можа быць яшчэ цяжэйшым, калі ўсе гэтыя парушэнні будуць здзяйсняцца ў асвячоным аўтамабілі.
Дэкалог кіроўцы
Кіроўца, ты знаходзішся на дарозе не адзін. Усюды ёсць Пан Бог твой - заўсёды памятай пра гэта.
1. Не забівай.
2. Няхай дарога будзе для цябе тым, што аб’ядноўвае людзей, а не смяротнаю небяспекаю.
3. Няхай ветлівасць, карэктнасць і асцярожнасць дапамогуць табе выйсці з непрадбачаных сітуацый.
4. Аказвай міласэрнасць і ў выпадку патрэбы дапамагай бліжняму, асабліва калі ён з’яўляецца ахвярай дарожна-транспартнага здарэння.
5. Няхай аўтамабіль не будзе для цябе праяваю ўлады, панавання і нагодай для граху.
6. З любоўю пераконвай маладых і не толькі маладых вадзіцеляў не сядаць за руль, калі яны не ў стане кіраваць аўтамабілем.
7. Аказвай падтрымку сем’ям ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў.
8. Дапамажы ахвяры і вінаватаму ў аварыі сустрэцца ў адпаведны момант, каб яны маглі перажыць вызваленчы досвед прабачэння.
9. На дарозе аберагай слабейшага.
10. Адчувай сваю адказнасць за іншых.
Малітва кіроўцы
Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.
Related items
- Напярэдадні Вялікадня праваслаўны архіепіскап наведаў каталіцкі цэнтр у Гомелі
- Фэст у лясной капліцы з незвычайнай гісторыяй святкавалі капуцыны і пілігрымы
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад
- «Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу