Logo
Print this page

Што такое індульгенцыя ў сучаснай Каталіцкай царкве і як яе атрымаць?

За грошы індульгенцыю купіць нельга - такое вялікае парушэнне было ў Сярэднявеччы.

У Вялікі пост, калі кожную пятніцу ў каталіцкіх храмах здзяйсняецца малітва Крыжовага шляху, у вернікаў ёсць магчымасць атрымаць індульгенцыю. Для чаго яна патрэбна і як яе атрымаць, распавядае пробашч гомельскай парафіі айцец Славамір Ласкоўскі.

- Індульгенцыя ў Каталіцкай царкве зараз, як і была заўсёды, - гэта ласка, якую атрымліваем ад Госпада, каб загладзіць кару за грахі. Наша віна выкупленая праз адпушчэнне грахоў на споведзі, але ўсе наступствы граху застаюцца, і нам трэба прыняць пакуты за гэтыя грахі. А індульгенцыя дазваляе атрымаць ад Бога прабачэнне кары. Таксама атрыманую індульгенцыю можна аддаць сваім блізкім памерлым і такім чынам скараціць час іх знаходжання ў Чысцецы. Гэта значыць, індульгенцыю можна атрымаць ці для сябе, ці для кагосьці з памерлых пры ўмове: адна індульгенцыя - за аднаго чалавека. Наступная індульгенцыя - за іншага чалавека і гэтак далей.

Як можна атрымаць індульгенцыю?

- Для гэтага трэба выканаць пэўныя ўмовы. Гэта можа быць пілігрымка ў святое месца, якіх шмат як у Беларусі, так і ў суседніх краінах. Таксама гэта можа быць удзел у прастольных святах, духоўных практыкаваннях, Крыжовым шляху, наведванне могілак пасля Дня ўсіх святых. Таксама для атрымання індульгенцыі абавязкова трэба знаходзіцца ў стане ласкі (споведзь і Камунія, адсутнасць прыхільнасці да грахоў) і памаліцца ў інтэнцыі Папы Рымскага.

Ці існуе якое-небудзь пацверджанне атрымання індульгенцыі?

- Ніякае матэрыяльнае пацверджанне, напрыклад, у выглядзе дакумента, атрыманай індульгенцыі не даецца: чалавек сам разумее, ці атрымаў ён індульгенцыю. Калі ёсць сумневы, можна падысці да святара і спытаць. За грошы, за міласціну індульгенцыю, вядома, купіць нельга - такое вялікае парушэнне было ў Сярэднявеччы, бо з усяго можна зрабіць рэлігійны фармалізм. Проста заплаціць грошы, а сваё жыццё не мяняць - безумоўна, гэта нічога не дасць.

Нагадаем, у Сярэднявеччы практыка прадастаўлення індульгенцыяў нярэдка прыводзіла да значных злоўжыванняў, да прыкладу, раздачы за грашовыя ахвяраванні. Злоўжыванні індульгенцыямі паслужылі падставай для пратэсту Лютэра і для пачатку рэфармацыйнага руху. У 1567 годзе папа Пій V забараніў любое прадастаўленне індульгенцыяў, якое ўключае якія-небудзь грашовыя разлікі.

Такім чынам, падагульнім: індульгенцыя - гэта вызваленне ад часовай кары за грахі, у якіх грэшнік ўжо пакаяўся, і віна за якія ўжо прабачана ў сакрамэнце споведзі. Індульгенцыя можа быць частковай або поўнай, у залежнасці ад таго, вызваляе яна часткова або цалкам ад часовай кары за грахі. Кожны вернік можа атрымліваць індульгенцыі як для сябе так і за памерлых. Поўная індульгенцыя даецца пры абавязковым выкананні наступных умоў:

Споведзь

Святая Камунія

Малітвы ў інтэнцыях Папы

Здзяйсненне вызначаных дзеянняў, з якімі Царква звязвае атрыманне індульгенцыі (малітвы, служэнне міласэрнасці, сведчанне веры).

Last modified onСерада, 12 Сакавік 2014 07:00
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.