Logo
Print this page

У Беларусі будуць афіцыйна адзначаць «Дзень вышыванкі»

Свята супала з урачыстасцю Маці Божай Будслаўскай.

Беларуская вышыванка - вопратка, вышытая нацыянальным арнаментам - здабыла сваё афіцыйнае свята. Яна стане мастацкай дамінантай мерапрыемстваў да Дня Незалежнасці, які адзначаецца 3 ліпеня. Як распавяла на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Мар'яна Мікалаева, з гэтага часу 2 ліпеня, напярэдадні Дня незалежнасці, будзе праводзіцца афіцыйнае моладзевае свята «Дзень вышыванкі». У 2016 годзе ў Мінску на пляцоўцы каля Палаца спорту асноўныя мерапрыемствы «Дня вышыванкі» пройдуць з 12 да 23 гадзін. Таксама вышыванка знойдзе адлюстраванне ў рэкламнай і друкаванай прадукцыі.

- Вышыванка з'яўляецца свайго роду візітнай карткай беларусаў і своеасаблівым сімвалам-абярэгам нацыі, - заявіла прадстаўнік Мінкульта.

У апошнія гады вышыванка стала папулярнай сярод патрыятычна настроеных людзей, вопратку з нацыянальным арнаментам сталі насіць дэмакратычныя, грамадскія актывісты, рэлігійныя дзеячы. «Вышыванку» апранаў і Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроцці. Таксама многія маладыя католікі носяць вышыванку і прыходзяць у такой вопратцы на фэст у Будславе, куды сцякаюцца пешыя пілігрымкі з розных куткоў Беларусі (гл. онлайн-трансляцыю). Свята ў гонар цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай праходзіць 2 ліпеня - якраз у гэты дзень Мінкульт устанавіў афіцыйнае свята вышыванкі.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.