Выйшаў незвычайны каляндар-2024 – з малюнкамі храмаў ад зняволенага
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Праваслаўны вернік дасылае іх з турмы свайму сыну. Тым часам зняволены грэка-каталіцкі вернік напісаў ліст, прысвечаны святому Язафату Кунцэвічу.
Каляндар на 2024 год «У сэрцы Беларусь» з'явіўся ў продажы. Ён унікальны тым, што старонка з кожным месяцам аздоблена аўтарскім малюнкам вядомага каталіцкага ці праваслаўнага храма, а таксама выслоўем. Іх дасылае з турмы праваслаўны вернік Павел Севярынец свайму сыну Францішку.
«Бываюць дні, калі выстаяць – значыць, перамагчы», – напрыклад, такая цытата суправаджае адзін з месяцаў.
Разгледзець старонкі календара і замовіць яго можна на сайце хрысціянскай крамы kroplia.by.
«Гэта рэч поўная сэнсу, прыгажосці, любові і болю. Ён пра любоў да Бога, да Радзімы і да сваёй сям'і», – гаворыцца ў апісанні.
Падобны каляндар выпускаюць другі год запар: Павел знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за тры гады – пасля затрымання ў 2020 годзе. Яго асудзілі на 7 гадоў па абвінавачванні ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках». Зараз Паўлу даводзіцца маляваць ва ўмовах крытай турмы.
Тым часам жонка зняволенага грэка-каталіцкага верніка Дзяніса Івашына, асуджанага на 13 гадоў, апублікавала адзін з яго апошніх лістоў – ён прысвечаны 400-годдзю мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча:
«Ён не збаяўся лютых, празмерных цярпенняў, катаванняў, але прапаведаваў еднасць веры, здзейсніў духоўны подзвіг дзеля нашага народу, нашае краіны. Ён ахвяраваў свае жыццё, каб абуджаць, прасвятляць тых, хто ўведзены ў зман душы; тых, хто зблудзіў, накіроўваць на сапраўдны й адзіны шлях праўды, ісціны, веры. Шлях, які прыводзіць менавіта да еднасці.
(...) Просім яго маліць Госпада нашага, каб тых, што з любоўю шануюць ягоную памяць, Ён вызваліў ад усіх бачных і нябачных ворагаў, захаваў нашую краіну ў бяспецы і супакоі.
(...) Спадзяемся на заступніцтва святога Язафата, дапамогу Госпада нашага. Верым непахісна, што з палымянаю вераю нашых сэрцаў цемрыва зла будзе пераможанае!»
Media
Related items
- «Сезон пілігрымак» адкрыла паломніцтва з Пінска ў Лагішын
- Песня з хрысціянскімі матывамі ад Украіны заняла трэцяе месца на Еўрабачанні
- «Зробім каталіцкае ТБ». Два моцныя YouTube-праекты запусцілі святары і манахіня
- Названа «лепшае фота» з палярным ззяннем – над прыдарожным крыжам
- Над дамамі і храмамі: здымкамі яркага палярнага ззяння дзеляцца ў сетках