Logo
Print this page

Хрысціянскі праект заблакавалі ў Беларусі і РФ – чаму і што з гэтым рабіць

Мы ўдзячныя Богу, што апошнія гады нам удавалася распавядаць пра «каталіцкае жыццё» – такое, якім яно ёсць у рэальнасці.

На тэрыторыі Беларусі заблакавалі доступ да сайта Katolik.life «на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі», гаворыцца ў паведамленні, якое з'яўляецца пры спробе зайсці на сайт. Яшчэ раней доступ да рэсурса быў часткова заблакаваны ў Расіі.

Прычыны афіцыйна ніхто не паведаміў, але яны для нас відавочныя – мы распавядаем не толькі пра пазітыў, але і пра закрыты Чырвоны касцёл, пра арышты святароў, пра тое, як вернікі перажываюць вайну. Бо гэта таксама, на жаль, стала для многіх часткай «каталіцкага жыцця».

Мэта Katolik.life – адлюстроўваць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць. Мы рады і ўдзячныя Богу, што апошнія гады гэта ўдавалася рабіць. Да блакавання наш сайт у дні абнаўленняў звычайна наведвалі звыш 1000 чалавек у суткі. Многія нашы публікацыі перадрукоўвалі свецкія СМІ, прычым, нават дзяржаўныя.

Нагадаем, што праект – прыватная ініцыятыва, якая не мае ніякага фінансавання, выдаткі на ўтрыманне сайта з асабістых сродкаў аплачвае аўтар. Увесь кантэнт стварае толькі адзін чалавек у вольны ад працы час і ўспрымае гэта як служэнне Богу і людзям.

Мы працягнем рабіць гэта і далей. Чытаць нашы публікацыі можна з дапамогай VPN-сэрвісаў, устаноўленых на смартфоне (для Android – можна спампаваць тут, для IOS – тут). Карыстацца VPN у Беларусі не забаронена.

На кампутары ў вашым браўзэры можна лёгка ўсталяваць любы плагін VPN (праз пошук у Google). Але ўлічваючы, што не ўсе змогуць скарыстацца такімі сэрвісамі, мы будзем даваць максімальны аб'ём інфармацыі на важныя тэмы ў пастах у нашым Тэлеграм і ў каталіцкіх пабліках.

Давяраем Усемагутнаму Любячаму Богу сябе, вас, увесь Касцёл, любімую Беларусь і ўсіх у ёй несправядліва церпячых.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onНядзеля, 09 Люты 2025 15:11
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.