У Мінску абвясцілі аб планах стварыць сквер на былых каталіцкіх могілках. Але... там ужо даўно ідзе будоўля
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
План, які прапанавалі да абмеркавання, састарэў, але ён паказвае, як павінен быў выглядаць квартал, дзе знаходзіцца касцёл. Усё раптам змянілася з-за будаўніцтва сакрэтнага аб'екта.
Адміністрацыя Савецкага раёна Мінска абвясціла грамадскае абмеркаванне ўнясення зменаў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання рэканструкцыі жылога квартала «Залатая Горка». Яно стартуе 26 лютага.
Як мы заўважылі, да аб'явы прымацаваная Тлумачальная запіска дэталёвага плана, датаваная яшчэ 2023 годам. Дакумент паказвае, у прыватнасці, як павінен выглядаць квартал «Б» у межах праспекта Незалежнасці, вуліцы Казлова, бульвара Мулявіна і вуліцы Залатая Горка, дзе знаходзіцца касцёл святога Роха.
У плане прадугледжаны сквер плошчай 1,65 га ў зоне паўднёва-заходняй ускраіны квартала «Б» на тэрыторыі былых Залатагорскіх могілак.
Але выглядае так, што дакумент састарэў. Верагодна, сквер павінен знаходзіцца на пустцы, дзе ў 2025 годзе раптоўна пачалі будаваць сакрэтны будынак [усе фота — з сацсетак].
Распавядаючы пра план, многія СМІ напісалі, што сквер павінен быць на месцы знесенай антэны-глушылкі за касцёлам і на суседніх участках. Сапраўды, іншага месца такой плошчы ў квартале «Б» не відаць.
Аднак прэса ўпусціла з-пад увагі, што ўся пустка ў 2025 годзе была аддадзеная пад узвядзенне вялікага аб'екта, які ў пашпарце пазначаны як «будынак шматфункцыянальны», а напраўду – паводле неафіцыйнай інфармацыі – з'яўляецца аб'ектам спецслужбаў.

У плане ж прапісана «захаванне існых і будаўніцтва дадатковых новых участкаў зялёных насаджэнняў агульнага карыстання, у тым ліку сквера пл.1,65 га ў зоне паўднёва-заходняй ускраіны квартала «Б»на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак з выкарыстаннем гэтага ўчастка ў якасці зялёных насаджэнняў агульнага карыстання і ўпарадкаваннем пад адкрытым небам часовых нестацыянарных элементаў выставачнага характару».
Тое, што план страціў актуальнасць, добра відаць на картах Google – спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі месца будоўлі. Ніжэй прыводзім скрыншоты актуальнай карты ў параўнанні з захаванымі панарамнымі фота.
Да таго, як частку ўчастка, аддадзенага пад будаўніцтва, забралі ў парафіі, там былі пляцоўка для дзяцей, экспазіцыя рэтра-аўтамабіляў, сквер, дарожкі, пляцоўка, на якой праводзілі агульнагарадскі Крыжовы шлях.
Зараз у абноўленай кадастравай карце за касцёлам замацаваны ўчастак плошчай толькі 0,35 га.
Мы паведамлялі, што ў пачатку будаўніцтва на месцы былых могілак з зямлі былі паднятыя шматлікія чалавечыя парэшткі. Іх абяцалі перадаць парафіі для перапахавання, але гэта пакуль не зроблена, наколькі вядома вернікам. Яны спадзяюцца, што гэта ўсё ж адбудзецца.
У плане таксама гаворыцца пра перспектыву зносу малапавярховых будынкаў і гаражоў, размешчаных на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак. Але тыя будынкі і гаражы, якія знаходзіліся паблізу касцёла і глушылкі, ужо былі знесены разам з ёй дзеля будаўніцтва таго самага аб'екта.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Не да ацяплення. У Будславе абвясцілі збор буйной сумы на працяг рэстаўрацыі
-
Масленіца замест Казіміра: як дэградавалі Казюкі ў Гродне, ад якіх засталася толькі назва
-
У кіеўскім касцёле паказалі, як саграваюць людзей у маразы
-
Каталіцкі біскуп даў сваю інтэрпрэтацыю «Году беларускай жанчыны» – атрымалася паэтычна
-
«Духоўны цэнтр» замярзае. У Будславе няма ацяплення – і гэта не праблема?