Logo
Print this page

Дзяржорганы звярнуліся да святароў з просьбай дапамагчы ў далікатнай справе

Чыноўнікі папрасілі духавенства «дапамагчы сем'ям праяўляць чуласць адзін да аднаго».

У Пінскім гарвыканкаме 18 сакавіка сабралі мясцовых святароў розных канфесій, у тым ліку каталіцкай, каб правесці сустрэчу духавенства з прадстаўнікамі ўлады.

«Размова атрымалася сур'ёзная і адкрытая», піша мясцовая прэса. На сустрэчы абмяркоўвалі ўзаемадзеянне духавенства і ўлады ў «справе духоўна-маральнага выхавання моладзі». Падставай сталі дзіцячая злачыннасць і булінг у школах.

У сваіх выступах прадстаўнікі гарвыканкама і міліцыі адзначылі, што «дзіцячая злачыннасць маладзее» настолькі, што «правапарушэнні сёння здзяйсняюць дзеці, якія яшчэ наведваюць дашкольныя ўстановы»:

«Яны проста не ўсведамляюць межаў, не разумеюць, дзе заканчваецца свавольства і пачынаецца злачынства».

Ключавой праблемай назвалі сітуацыю ў сем'ях: бацькі часта занятыя працай, сваімі клопатамі, а дзеці прадастаўлены самі сабе:

«Таму важна выбудаваць работу і з бацькамі, і з непаўналетнімі. А царква, якая з'яўляецца для многіх аўтарытэтнай арганізацыяй, мае ўсе шанцы станоўчага ўздзеяння».

Улады прызналі, што храм можа стаць для падлеткаў месцам спакою, крыніцай пераасэнсавання жыццёвых каштоўнасцяў:

«Царква – гэта не толькі пра абрады. Гэта пра цішыню, пра магчымасць пабыць сам-насам з сабой, пра размову з мудрым чалавекам, які не асудзіць, а дапаможа. Падлетку не натацыі патрэбныя, яму неабходны суразмоўца. І святар можа стаць такім суразмоўцам».

Асаблівую трывогу выклікаюць факты булінга, адзначылі на сустрэчы. Ёсць выпадкі, калі ў школах дзяцей травяць з рэлігійных матываў. Напрыклад, з-за таго, што ў некаторых канфесіях не вітаецца выкарыстанне мабільных тэлефонаў, тэлевізараў, наведванне забаўляльных устаноў.

Чыноўнікі папрасілі духавенства «дапамагчы сем'ям праяўляць чуласць адзін да аднаго». Адзначаецца, што прадстаўнікі ўсіх канфесій гатовыя да супрацоўніцтва: адчыняць дзверы, удзельнічаць у школьных сустрэчах, размаўляць з бацькамі, удзельнічаць у здымцы прафілактычных відэаролікаў. Улады ўжо анансавалі сумесныя мерапрыемствы.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.