Logo
Print this page

Пакістанская каталічка, асуджаная на смерць, напісала ліст Папе

“Я цэлы час моцна трымаюся хрысціянскай веры і ўся мая надзея ў Богу, маім Айцу, які мяне абароніць і верне свабоду".

Пакістанская каталічка Асія Бібі, асуджаная на пакаранне смерцю паводле закона аб блюзнерстве, напісала ўмольны ліст папе Францішку.”Ойча Францішку, гэта я, твая дачка, Асія Бібі. Прашу цябе: маліся за мяне, маліся за маё выратаванне і вызваленне. У гэты момант я магу толькі даверыць сябе Усемагутнаму Богу”, - напісала ў лісце Святому Айцу Асія Бібі.

У той час, які з’яўляецца вырашальным для яе жыцця, яна адзначыла: “Я цэлы час моцна трымаюся хрысціянскай веры і ўся мая надзея ў Богу, маім Айцу, які мяне абароніць і верне свабоду. Я спадзяюся таксама і на Цябе, Святы Ойча Францішку і на твае малітвы”, - напісала яна. Пакістанская каталічка адзначыла ў сваім лісце, што яе самай вялікай марай з’яўляецца тое, каб вярнуцца да сям’і. Дзякуе шматлікім хрысціянскім супольнасцям з усяго свету за іх малітвы ў яе інтэнцыі, а таксама за канкрэтныя намаганні, якія былі ўздыманыя з мэтай яе вызвалення. “Няхай Бог дасць святло і мудрасць усім тым, хто хадайнічае ў маёй справе”, - напісала яна.

Асія Бібі была арыштавана ў 2009 г. паводле спрэчнага закона аб блюзнерстве і прыгаворана на пакаранне смерцю. Яе абвінавацілі ў непаважлівых выказваннях у адрас прарока Мухамеда. На мінулым тыдні апеляцыйны суд у Лахоры падтрымаў гэты прыгавор. Адвакаты зняволенай каталічкі будуць звяртацца да Вярхоўнага суда, найвышэйшай інстанцыі судовай сістэмы Пакістана, за ануляваннем гэтага прыгавора.

Варта нагадаць, што раней ў абарону Асіі Бібі выступіў папа Бэнэдыкт ХVI. Ён запэўніў жанчыну і яе блізкіх у сваёй духоўнай блізкасці і малітве, каб “як мага хутчэй, ёй была вернута поўная свабода”. Вызвалення Асіі Бібі намагаліся губернатар пакістанскага штата Пенджаб, Сальман Тасер і міністр па справах рэлігійных меншасцяў Шахбаз Бхаці. За сваю дзейнасць абодва былі забітыя эктрэмістамі.

radiovaticana.va

Last modified onНядзеля, 26 Кастрычнік 2014 16:05
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.