Упершыню ва ўсёй Беларусі не адбылася малітва на месцы гібелі ахвяр рэпрэсій. Апошнім быў Гомель
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Раней былі спыненыя набажэнствы ў Курапатах.
Важная шматгадовая традыцыя перапыненая ў Гомелі. Тут упершыню каталіцкія вернікі не змаглі памаліцца ля крыжа, усталяванага на месцы масавых пахаванняў ахвяр савецкіх рэпрэсій.
Штогод з 1990-х у дзень успаміну памерлых, 2 лістапада, католікі збіраліся на малітву на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы на ўскраіне Гомеля. Сярод расстраляных у гэтых лясах былі многія вернікі, у тым ліку каталіцкія і праваслаўныя святары.
У апошнія гады набажэнства на гэтым месцы ўзначальваў біскуп Казімір Велікаселец. У пачатку 2026 года ён пайшоў з жыцця.
Як даведаліся каталіцкія вернікі Беларусі, сёлета ўпершыню мясцовыя ўлады не далі дазволу на правядзенне набажэнства на Чарнігаўскай шашы.

Гомель заставаўся апошнім у Беларусі месцам, дзе католікі ладзілі набажэнства на месцы пахавання ахвяр рэпрэсій. З 2023 года ў Курапатах пад Мінскам — на месцы найбольш масавых расстрэлаў рэпрэсаваных — не праводзіцца малітва, прынамсі публічная, якая раней таксама была штогадовай і праходзіла з удзелам біскупаў, у тым ліку Апостальскага нунцыя, прадстаўніка Ватыкана.
Раней арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч называў Курапаты «Галгофай беларускага народа» і адзначаў, што гэтае месца — неад'емная частка гісторыі народа, без пазнання і ацэнкі якой ён не мае будучыні.
Памяць аб ахвярах савецкіх рэпрэсій у Гомелі супярэчыць ідэалагічнай ўстаноўцы, згодна з якой у гэтым месцы расстрэлы праводзілі толькі нацысты падчас вайны, а аб масавых рэпрэсіях савецкіх уладаў замоўчваецца.
Падчас набажэнстваў католікі маліліся не толькі аб расстраляных, дзякавалі за сведчанне веры, подзвіг мучанікаў, але і прасілі аб міласэрнасці Божай для іх катаў.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Упершыню ў Беларусі плануюць аднавіць разбураны старадаўні храм
-
Усяго тры чалавекі ў Расіі вучацца ў каталіцкай семінарыі. А як у суседніх краінах?
-
«Сэрца разрываецца». У Беларусі не змаглі служыць Імшу святары з Польшчы – выказаўся біскуп
-
З'явілася пацверджанне аб ліквідацыі парафіі грэка-католікаў у Оршы
-
Цуды – кожны дзень. У Будславе распавядаюць, як і каму дапамагла Божая Маці