У Мінску прэзентавана беларускае выданне «Новага запавету» ў перакладзе Клышкі
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Comments (2)
Анатоль Клышка пераклаў Новы Запавет у 1980 годзе, асобныя кнігі — чатыры Евангеллі — былі надрукаваны у часопісе «Спадчына» у 1989 — 1990.
У Мінску 4 снежня прэзентавана беларускае выданне Новага Запавету ў перакладзе пісьменніка Анатоля Клышкі. Выданне ўбачыла свет у выдавецтве «Пазітыў-цэнтр» пры падтрымцы Аб’яднання цэркваў Адвентыстаў Сёмага Дня ў Беларусі (АСД).
Анатоль Клышка пераклаў Новы Запавет у 1980 годзе, асобныя кнігі — чатыры Евангеллі — былі надрукаваны у часопісе «Спадчына» у 1989 — 1990. Пераклад рабіўся тады, калі за адно толькі валоданне Бібліяй вернікам пагражала турма. Дазвол на выданне кнігаў Бібліі прыйшлося браць у ЦК Кампартыі Беларусі і дазвол быў атрыманы, што было пэўным дзівам, расказаў пісьменнік на прэзентацыі. Але поўнага выдання Новага Запавету аўтару пераклада прыйшлося чакаць больш за трыццаць год, і ён вельмі вітае ініцыятыву выдаўцоў і беларускіх хрысціян-адвентыстаў, якія дапамаглі здейсніць яго мару на парозе 80-гадовага юбілею.
Кіраўнік аб’яднання цэркваў АСД у Беларусі біскуп Маісей Астроўскі падкрэсліў, што прадстаўленнае сёння выданне Новага Запавету на 10беларускай мове з’яўляецца міжканфесійным і дакладна перадае сэнс пісання адпаведна арыгінальнага тэксту на грэцкай мове. Выдаўцы разам з аўтарам пастараліся ўдакладніць беларускія тэксты, каб не дапусціць ніякіх скажэнняў. Кіраўнік беларускіх адвентыстаў упэўнены, што пераклад Клышкі добра паслужыць ўсім беларускім хрысціянам, якія любяць Бога і Яго Слова і шануюць родную мову. Працэс падрыхтоўкі пераклада да друку прыцягнуў і згуртаваў невялікі калектыў, ў якім былі праваслаўныя, пяцідесятнікі і адвентысты.
Анатоль Клышка добра вядомы як аўтар беларускага «Буквара», які першы раз быў выдадзены ў 1969 годзе і з таго часу перавыдаваўся 23 разы. Праца пісьменніка, паэта, перакладчыка, крытыка, вучонага і педагога-асветніка адзначана ганаровым званнем Заслужаны работнік культуры Беларусі, ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі. Але пераклад Новага Запавета на беларускую мову пісьменнік лічыць адным са сваіх найбольш важных дасягненняў.
Новы Запавет ў перакладзе Клышкі выдадзены накладам тры тысячы экзэмпляраў. Кантрольныя тамы ўжо накіраваны ва ўсе цэнтральныя бібліятэкі краіны — у Нацыянальную, Прэзідэнцкую, Урадавую. Усе правы на выданне мае хрысціянін-адвентыст Георгій Мельнікаў. Адметна, што сярод даволі вялікай колькасці перакладаў як асобных кніг Старога і Новага Запаветаў, так і ўсёй Бібліі на беларускую мову пакуль няма агульнага, прынятага ўсімі канфесіямі варыянта.
Анатоль Шырвель, КРЫНІЦА.INFO
Related items
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- «У парафіі 15-20 асоб». Мітрапаліт абвясціў акцыю па падтрымцы Касцёла на Магілёўшчыне
- Не фэйкі і не хакеры: «Радыё Марыя» працягвае збор і тлумачыць непаразуменні
- «Даведаўся, што ксёндз мае "жонку" і дзяцей». Што з гэтым рабіць, пытае вернік
- «Каб гэтае заданне я выканаў добра». Новы біскуп і вернікі пракаментавалі падзею