BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Даведаўся, што ксёндз мае "жонку" і дзяцей». Што з гэтым рабіць, пытае вернік

Звесткі пра пробашча адной з мінскіх парафій, на жаль, падцвердзіліся. Гэты выпадак – не адзінкавы. Разважаем, якую небяспеку нясуць такія факты і як на іх рэагаваць вернікам.

Пра тое, што пробашч адной з рыма-каталіцкіх парафій Мінска мае непаўнагадовых дзяцей і сужыцельствуе з іх маці, падзяліўся з Katolik.life парафіянін. Але не з мэтай распаўсюду плётак, а каб выказаць свае перажыванні і сумневы: ці з'яўляюцца сапраўднымі сакрамэнты, якія ўдзяляе гэты святар, як ставіцца да такога ксяндза, што рабіць з гэтай інфармацыяй?

Нагадаем, рыма-каталіцкія святары павінны трымацца цэлебату – не ўступаць у шлюб, захоўваць чысціню, устрымлівацца ад палавых зносін.

Вернік выпадкова даведаўся, што пробашч мае "жонку" і дзяцей, і таксама папрасіў спраўдзіць, ці гэта так – спадзяючыся, што памыляецца. На жаль, інфармацыя падцвердзілася.

З дапамогай некаторых інструментаў мы высветлілі, што бацькам непаўнагадовых дзяцей сапраўды запісаны святар. Ксёндз афіцыйна нежанаты – таму фармальна, па дакументах, ён нічога не парушыў, хоць працягвае сужыцельства.

Мы не называем дадзеныя гэтага святара, каб не даваць нагоды для плётак і не прынесці яшчэ большую шкоду. Аднак разам з вернікам, які да нас звярнуўся, у духу абвешчанай сінадальнасці абмяркоўваем гэта балючае пытанне, якое стала актуальным для каталіцкай супольнасці Беларусі. Бо, як высветлілася, апісаны выпадак далёка не адзінкавы, але мы не будзем афішаваць імёны такіх святароў і іх парафіі.

«Усе пра гэта ведаюць», кажуць у каталіцкіх колах, што робіць праблему яшчэ больш балючай. Безумоўная, мы не бярэмся ўказваць біскупам, што ім прадпрымаць – упэўненыя, што яны намагаюцца дапамагчы такім святарам спыніць двайное жыццё і вярнуцца на праўдзівую дарогу, да якой пакліканы.

У той жа час святары гавораць, што не адчуваюць належнага клопату некаторых біскупаў, пагружэння ў сітуацыю. А вядома, што калі з праблемай нічога не рабіць і замоўчваць яе, гэтым карыстаюцца ворагі Касцёла для яго дыскрэдытацыі – самі выносяць яе на святло, але з дадаткам хлусні і прапаганды, што зробіць сітуацыю яшчэ горшай.

Таксама не бярэмся асуджаць саміх ксяндзоў, бо ведаем, што іх спакушае сатана нашмат мацней за свецкіх вернікаў, таму іх барацьба са спакусамі і пасткамі злога духа куды цяжэйшая. Бо дэман ведае, што грэх святара мае большую разбуральную сілу.

У ЧЫМ ПРАБЛЕМА?

Таму, як грэшнікі – грэшнікам, з разуменнем слабасцяў кожнага чалавека, хочам акцэнтаваць увагу на трох галоўных небяспеках, якія непакояць вернікаў.

Спакушэнне парафіянаў. Безумоўна, наша вера павінна грунтавацца на Езусе Хрысце, а не на святарах, якія з'яўляюцца такімі ж грэшнікамі, як і ўсе. У той жа час відавочна, што прыклад святара – вельмі важны для парафіянаў. Хаця б у плане шчырасці, а не крывадушнасці.

«Гэта нагадвае дарожны знак, які указвае напрамак руху, але сам стаіць на месцы. Існуе трывога, каб ён не пачаў паказваць кудысьці ў іншы бок… І не хочацца ісці да такога ксяндза ў споведзь, прымаць ад яго святую Камунію. Раней я нават не хацеў слухаць размовы пра "сем’і ксяндзоў", спыняў іх. А цяпер...», – дзеліцца перажываннямі вернік.

Спакушэнне іншых святароў. Канечне, калі пра сітуацыю ведаюць свецкія вернікі, тым больш ведаюць святары. І бачаць, што «і так можна было». Навошта прыносіць ахвяры, змагацца за сваю чысціню, калі можна гэта гэтага не рабіць – мець і адно, і другое, быць святаром і жыць з «жонкай»? Зразумела, што кожны вырашае для сябе сам, але такі прыклад з'яўляецца дадатковай сур'ёзнай спакусай і можа дзейнічаць разбуральна.

Праз «кампрамат» святара могуць выкарыстоўваць у сваіх мэтах і шкодзіць Касцёлу. Калі інфармацыя вядомая вернікам, відавочна, што вядомая і разнастайным службам і структурам, якія праз пагрозы раскрыцця кампраметуючых звестак могуць ціснуць на святара, мець над ім уладу, каб той дзейнічаў у іх інтарэсах, якія могуць разыходзіцца з інтарэсамі на дабро Касцёла. Тым больш, ужо не раз нават менш значны кампрамат выкарыстоўвалі асобныя органы для выпуску прапагандысцкіх публікацый. Раней мы ўжо разважалі пра тое, як маўчанне Касцёла аб ягоных праблемах выкарыстоўваюць іншыя.

Акрамя таго, вялікае пытанне, ці здаровай будзе такая "сям'я" святара, якімі вырастуць гэтыя дзеці?

ШТО РАБІЦЬ ВЕРНІКАМ?

У чаканні аўтарытэтных парадаў для парафіянаў, што ім рабіць у тых выпадках, калі яны даведаліся, што іх ксёндз вядзе «двайное жыццё», зрабілі вытрымку з размоваў са святарамі на гэту тэму.

– Перш за ўсё варта разумець, што ўсе сакрамэнты, якія ўдзяляе святар, застаюцца сапраўднымі, нягледзячы на ўсе ягоныя грахі – калі толькі біскуп не пазбавіў яго сану.

– Не пляткарыць у парафіі. Вернік можа па-евангельску сам-насам выказаць святару свае сумневы адносна яго, сказаць, што той робіць грэх. Таксама можа звярнуцца да біскупа з такой інфармацыяй. Альбо пакінуць гэта на сумленні самога святара.

– Калі вернік губляе давер да святара, можна наведваць іншую парафію, напрыклад, спавядацца ў іншым касцёле. Увогуле варта знайсці духоўнага кіраўніка, які з'яўляецца аўтарытэтам для верніка, нават з іншага горада.

– Слухаць самога Езуса, які гаворыць: «...Усё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх».

 Маліцца за святара! Менавіта з-за недахопу малітвы вернікаў ён паддаецца спакусам.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onАўторак, 09 Красавік 2024 12:47
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць