Logo
Print this page

Пасол Ватыкана выказаў заклапочанасць кіраўніку МЗС Беларусі

Арцыбіскуп акцэнтаваў тую велізарную працу, якая праводзіцца Рыма-Каталіцкім Касцёлам у Беларусі ў цэлым і ў сферы падрыхтоўкі нацыянальных кадраў каталіцкіх святароў у прыватнасці.

30 студзеня ў Міністэрстве замежных спраў па ініцыятыве беларускага боку адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея з Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці. Апостальскі Нунцый давёў да ведама Міністра некаторыя заклапочанасці ў сувязі з магчымымі інтэрпрэтацыямі нядаўніх выступленняў, якія тычацца Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Нагадаем, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, а затым і прэзідэнт Беларусі публічна выказалі прэтэнзіі да польскіх святароў, які служаць у Беларусі.

У гэтым кантэксце арцыбіскуп акцэнтаваў тую велізарную працу, якая праводзіцца Рыма-Каталіцкім Касцёлам у Беларусі ў цэлым і ў сферы падрыхтоўкі нацыянальных кадраў каталіцкіх святароў у прыватнасці.

Уладзімір Макей адзначыў зацікаўленасць беларускага боку ў забеспячэнні нашай краіны менавіта нацыянальнымі кадрамі каталіцкіх святароў. У дадзеным кантэксце кіраўнік МЗС Беларусі вітаў назіраемае зніжэнне колькасці замежнікаў сярод каталіцкіх святароў, а таксама прызначэнне Папам у канцы 2013 года трох новых біскупаў беларускага паходжання.

Міністр праінфармаваў аб высокай ацэнцы Кіраўніком беларускай дзяржавы дзейнасці Яго Святасці Папы Францішка па барацьбе з беднасцю і паўсюдным прасоўванні міру і стабільнасці. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства пацвердзіў нязменнасць пазіцыі Урада Беларусі па забеспячэнні раўнапраўя ўсіх прысутных у краіне традыцыйных рэлігійных канфесій. "На працягу стагоддзяў зямля Беларусі з’яўляецца домам для мірнага існавання і ўзаемадзеяння каталіцтва і праваслаўя. Палітыка дзяржавы заснавана на тым, што мы выступаем за мір і спакой у краіне. Намі высока ацэньваецца падтрымка Святым Пасадам рэлігійнай згоды ў беларускім грамадстве", - адзначылі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Макей падкрэсліў, што пазіцыя і практычная дзейнасць Ватыкана ў адносінах да Беларусі з’яўляецца «вельмі канструктыўнай і сбалансаванай». Каталіцкі Касцёл адыгрывае вельмі важную ролю ў выхаванні патрыятызму і падтрымцы культуры ў Беларусі.

У ходзе сустрэчы былі разгледжаны пытанні, звязаныя з рэалізацыяй даручэння Кіраўніка дзяржавы па стварэнні ў Мінску каталіцкай духоўнай акадэміі.

Уладзімір Макей паведаміў аб гатоўнасці Міністэрства замежных спраў прадаставіць пляцоўку для абмеркавання магчымых пытанняў з усімі зацікаўленымі бакамі з мэтай іх урэгулявання ў духу ўзаемапавагі і канструктыўнага супрацоўніцтва.

Бакі таксама абмеркавалі шэраг запланаваных на бягучы год беларуска-ватыканскіх мерапрыемстваў, паведамляе МЗС.

Нагадаем, Каталіцкая Царква Беларусі афіцыйна адказала на абвінавачванні уладаў.

Last modified onПятніца, 30 Студзень 2015 21:57
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.