Logo
Print this page

Маленькая перамога: на Гродзеншчыне паставілі ўказальнік на старадаўні касцёл

Пасля пісьмовых зваротаў мясцовай верніцы ўлады пагадзіліся паставіць знак на трасе.

На павароце з трасы на мястэчка Вялікія Свіранкі Астравецкага раёна ўсталявалі знак, які ўказвае на наяўнасць усяго ў трох кіламетрах старадаўняга драўлянага касцёла, паведаміла мясцовая каталіцкая верніца Святлана Шаблінская. Яна піша, што ліставанне з Гродзенскім аблвыканкамам дало плён і агульную мову з абласнымі ўладамі знайсці было лягчэй, чым з раённымі:

- Дзякуй Богу, цяпер касцёл Святога Юрыя ў Вялікіх Свіранках (мястэчка заснавана ў 1454 г., адно з найстаражытнейшых у рэгіёне) абазначаны і на дарожнай мапе. Будзем спадзявацца, што больш вернікаў з іншых рэгіёнаў ды і проста турыстаў наведаюць нашу святыню і заадно пабачаць цудоўную свіранскую брукаванку.

Драўляны касцёл Святога Юрыя ў мястэчку Вялікія Свіранкі - помнік драўлянага сакральнага дойлідства. Касцёл упершыню згадваецца ў 1508 г. У 1671 г. драўляны касцёл у Вялікіх Свіранках будуецца зноў - за кошт віленскага капітула. Верагодна, першапачатковы будынак знішчыў пажар. У 1690 г. пры касцёле збудаваны драўляны кляштар місіянераў.

З улікам архітэктурна-мастацкіх характарыстык спецыялісты адносяць існуючы будынак касцёла да канца XVIII ст. Касцёл працаваў пры ўсіх уладах - да 1954 г. Тады, пасля смерці старэнькага ксяндза, Саветы не далі дазвол на служэнне новага ксяндза з Польшчы. Святыня была зачыненай паўвека… У канцы 1990-х гг. будынак касцёла адбудавалі мясцовыя жыхары на ахвяраванні вернікаў Свіранскай парафіі. Касцёл добра вядомы ў Беларусі, Літве і Польшчы.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.