Маленькая перамога: на Гродзеншчыне паставілі ўказальнік на старадаўні касцёл
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Пасля пісьмовых зваротаў мясцовай верніцы ўлады пагадзіліся паставіць знак на трасе.
На павароце з трасы на мястэчка Вялікія Свіранкі Астравецкага раёна ўсталявалі знак, які ўказвае на наяўнасць усяго ў трох кіламетрах старадаўняга драўлянага касцёла, паведаміла мясцовая каталіцкая верніца Святлана Шаблінская. Яна піша, што ліставанне з Гродзенскім аблвыканкамам дало плён і агульную мову з абласнымі ўладамі знайсці было лягчэй, чым з раённымі:
- Дзякуй Богу, цяпер касцёл Святога Юрыя ў Вялікіх Свіранках (мястэчка заснавана ў 1454 г., адно з найстаражытнейшых у рэгіёне) абазначаны і на дарожнай мапе. Будзем спадзявацца, што больш вернікаў з іншых рэгіёнаў ды і проста турыстаў наведаюць нашу святыню і заадно пабачаць цудоўную свіранскую брукаванку.
Драўляны касцёл Святога Юрыя ў мястэчку Вялікія Свіранкі - помнік драўлянага сакральнага дойлідства. Касцёл упершыню згадваецца ў 1508 г. У 1671 г. драўляны касцёл у Вялікіх Свіранках будуецца зноў - за кошт віленскага капітула. Верагодна, першапачатковы будынак знішчыў пажар. У 1690 г. пры касцёле збудаваны драўляны кляштар місіянераў.

З улікам архітэктурна-мастацкіх характарыстык спецыялісты адносяць існуючы будынак касцёла да канца XVIII ст. Касцёл працаваў пры ўсіх уладах - да 1954 г. Тады, пасля смерці старэнькага ксяндза, Саветы не далі дазвол на служэнне новага ксяндза з Польшчы. Святыня была зачыненай паўвека… У канцы 1990-х гг. будынак касцёла адбудавалі мясцовыя жыхары на ахвяраванні вернікаў Свіранскай парафіі. Касцёл добра вядомы ў Беларусі, Літве і Польшчы.
Related items
-
Развітанне з пісьменніцай Святланай Курс пройдзе ў «беларускім» касцёле ў Варшаве
-
Гістарычны будынак кляштара знеслі ў Навагрудку – манахіні просяць дапамогі, каб пабудаваць новы
-
Вядомы святар з Мінска пераведзены ў мястэчка на перыферыі. Па якой прычыне?
-
Як гучыць Бах на 100-гадовым аргане ў драўляным беларускім касцёле, паказала парафія
-
Трансляцыя Імшы на беларускім радыё засталася. Разабраліся, чаму вернікі яе не чулі