Кандрусевіч: «Поедем поедим» - гэта лакмусавая паперка нашага грамадства»
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Арцыбіскуп упэўнены, што беларускае грамадства патрабуе духоўных пераменаў.
Падчас гаміліі на святочнай Імшы у дзень Перамянення Пана 6 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на неабходнасць змены менталітэту беларускага грамадства. Каталіцкі іерарх бачыць шмат негатыўных тэндэнцый, якія датычацца духоўнага жыцця народу.
У тым ліку - праект Закона аб хатнім насіллі, які ў пэўных момантах супярэчыць Святому Пісанню, асабліва ў галіне выхавання дзяцей, забараняючы караць іх за неадпаведныя паводзіны.
Таксама - прасоўванне гендарнай ідэалогіі, сэнс якой у тым, што не фізіялогія акрэслівае пол чалавека, а грамадская культура. Гендарная ідэалогія супрацьпастаўляецца Богу, адзначыў арцыбіскуп:
- Адрыванне полу ад біялогіі - гэта ўдар па тоеснасці і годнасці чалавека, а таксама знішчэнне грамадскіх каштоўнасцяў і сувязяў.
Гендарная ідэалогія супрацьпастаўляецца сям’і як гістарычнай, Богам створанай структуры любві і жыцця, - цытуе Catholic.by.
Таксама ў старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі вялікую трывогу выклікае так званае «ўпарадкаванне» Вайсковых могілак.
- Апошнія месяцы першымі навінамі ў нашай краіне з’яўляецца праблема рэстарана „Поедем поедим“, размешчанага побач з Галгофай нашага народа - урочышчам Курапаты. Як такое магло здарыцца? Хто і чаму даў дазвол? Дзе этычныя нормы паводзінаў? Чаму побач з месцам генацыду нашага народа пабудавалі месца для забавы? Ці адэкватны чалавек пойдзе туды, ці будзе там весяліцца, гледзячы праз вакно на месца жудаснай мучаніцкай смерці нашых продкаў? - задаецца пытаннем арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён разважае, што, магчыма, сумленне тых, хто даваў дазвол, хто будаваў і хто туды ідзе, спіць?..
- Выглядае, што імкненне да нажывы любым коштам становіцца большым за павагу да месцаў пахавання памерлых, тым больш нявінна загінулых, - працягвае іерарх. - Узнятыя вышэй праблемы нашага грамадства і рэстаран „Поедем поедим“ - гэта лакмусавая паперка маральнага стану нашага грамадства, якое патрабуе перадусім духоўнай перамены.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў, каб свята Перамянення Пана заахвоціла да гэтай перамены, каб людзі паважалі сваю гісторыю, а не глуміліся над ёю, і каб яна стала сапраўднай настаўніцай жыцця.
Related items
- Ля сцяны паміж Польшчай і Беларуссю правялі малітву, а працэсію ў Варшаве ўзначаліў Будслаўскі абраз
- «Перадача не паложана». Святар з Шуміліна працягвае знаходзіцца ў зняволенні
- А калі закахаўся? Арцыбіскуп Станеўскі адказаў дзецям і праспяваў на ТБ-шоу
- «Што мы шукаем?» Святар адказаў католікам, якім адмоўлена ў змене абраду
- Ватыкан адмовіў расійскім католікам у пераходзе ў заходні абрад