BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Кандрусевіч: «Поедем поедим» - гэта лакмусавая паперка нашага грамадства»

Арцыбіскуп упэўнены, што беларускае грамадства патрабуе духоўных пераменаў.

Падчас гаміліі на святочнай Імшы у дзень Перамянення Пана 6 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на неабходнасць змены менталітэту беларускага грамадства. Каталіцкі іерарх бачыць шмат негатыўных тэндэнцый, якія датычацца духоўнага жыцця народу.

У тым ліку - праект Закона аб хатнім насіллі, які ў пэўных момантах супярэчыць Святому Пісанню, асабліва ў галіне выхавання дзяцей, забараняючы караць іх за неадпаведныя паводзіны.

Таксама - прасоўванне гендарнай ідэалогіі, сэнс якой у тым, што не фізіялогія акрэслівае пол чалавека, а грамадская культура. Гендарная ідэалогія супрацьпастаўляецца Богу, адзначыў арцыбіскуп:

- Адрыванне полу ад біялогіі - гэта ўдар па тоеснасці і годнасці чалавека, а таксама знішчэнне грамадскіх каштоўнасцяў і сувязяў.

Гендарная ідэалогія супрацьпастаўляецца сям’і як гістарычнай, Богам створанай структуры любві і жыцця, - цытуе Catholic.by.

Таксама ў старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі вялікую трывогу выклікае так званае «ўпарадкаванне» Вайсковых могілак.

- Апошнія месяцы першымі навінамі ў нашай краіне з’яўляецца праблема рэстарана „Поедем поедим“, размешчанага побач з Галгофай нашага народа - урочышчам Курапаты. Як такое магло здарыцца? Хто і чаму даў дазвол? Дзе этычныя нормы паводзінаў? Чаму побач з месцам генацыду нашага народа пабудавалі месца для забавы? Ці адэкватны чалавек пойдзе туды, ці будзе там весяліцца, гледзячы праз вакно на месца жудаснай мучаніцкай смерці нашых продкаў? - задаецца пытаннем арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён разважае, што, магчыма, сумленне тых, хто даваў дазвол, хто будаваў і хто туды ідзе, спіць?..

- Выглядае, што імкненне да нажывы любым коштам становіцца большым за павагу да месцаў пахавання памерлых, тым больш нявінна загінулых, - працягвае іерарх. - Узнятыя вышэй праблемы нашага грамадства і рэстаран „Поедем поедим“ - гэта лакмусавая паперка маральнага стану нашага грамадства, якое патрабуе перадусім духоўнай перамены.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў, каб свята Перамянення Пана заахвоціла да гэтай перамены, каб людзі паважалі сваю гісторыю, а не глуміліся над ёю, і каб яна стала сапраўднай настаўніцай жыцця.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць