Logo
Print this page

«Адбыўся цуд». Дзякуючы чаму ўдалося аднавіць галоўны касцёл Мінска?

Як ні парадаксальна, «мы павінны быць удзячныя архітэктару, які яго знявечыў», але ёсць і іншае меркаванне [+ фота гістарычнага моманту]

Люты адметны для вернікаў архікатэдальнага касцёла ў Мінску тым, што ў гэты час у 1994 годзе адбылося папярэдняе асвячэнне вернутай святыні і ўсталяванне на яго франтоне крыжа. Фота гэтага моманту мы знайшлі на старонцы мастака Дзмітрыя Маслія, які публікуе фотаархіў старога Мінска.

Нагадаем, у савецкі час храм быў адабраны ў вернікаў і перабудаваны пад спартзалу — у сувязі з гэтым цікавай інфармацыяй у каментарах падзяліліся падпісчыкі Дзмітрыя. Як напісаў журналіст, выдавец Міхаіл Валодзін, «мы павінны быць удзячныя архітэктару, які яго знявечыў: Мікалай Васільевіч Драздоў не толькі знёс купалы і змяніў фасад, але і зрабіў усе неабходныя замеры і замалёўкі, каб потым аднавіць».

Журналістка Юлія Андрэева дадала:

«Мой дзед быў знаёмы з архітэктарам, якому было даручана ператварыць храм у спортзбудаванне. Архітэктар выдатна разумеў, што гэта злачынства, але быў упэўнены, што храм калі-небудзь адновяць. Таму зрабіў надзвычай падрабязныя чарцяжы, а саму пераробку выконваў максімальна беражліва, каб прасцей было аднавіць. Гэтую гісторыю мне дзед распавёў яшчэ ў канцы 1970-х гадоў, калі вяртанне храма здавалася неверагодным. Але яно адбылося, і гэта ёсць цуд».

Аднак адзначым, што ў асяроддзі беларускіх мастацтвазнаўцаў ёсць і іншае меркаванне — аб тым, што клопат архітэктара пра храм з'яўляецца выдумкай ягоных нашчадкаў:

«Падрабязныя чарцяжы тады рабілі ўсе архітэктары пры перабудаванні будынкаў, і ў тым, што ў касцёле захаваліся фрэскі, няма заслугі Драздова, а сам ён быў пасрэдным архітэктарам», — падзяліліся з Katolik.life

Мы зрабілі падборку фотаздымкаў касцёла Найсвяцейшага імя Марыі з канца 19-га стагоддзя да гістарычнага моманту ў 1994 годзе. Сёлета, 9 снежня, будзе адзначацца 30-годдзе вяртання касцёла вернікам. Дарэчы, на старонцы Дзмітрыя таксама ёсць шмат старых здымкаў цяпер закрытага Чырвонага касцёла ў Мінску.

Media

Last modified onЧацвер, 16 Люты 2023 12:33
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.