Logo
Print this page

«Мы жывём ва ўмовах нязгоды, цяжкасцяў і цярпення». Католікі пачалі 9-дзённую малітву да Святога Духа

Менавіта Святы Дух падтрымлівае нас у барацьбе са злом, асвячае нас і надае сэнс нашаму чалавечаму існаванню, нагадаў святар.

Каталіцкія вернікі 19 траўня пачалі 9-дзённае набажэнства – навэнну да Духа Святога. У Касцёле паходзіць звычай ладзіць гэтую малітву, пачынаючы з пятніцы пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана да суботы перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога.

Навэнна бярэ свой пачатак у малітоўным чаканні Апосталамі спаслання абяцанага Езусам Суцяшыцеля. Пасля ўнебаўшэсця Пана Апосталы вярнуліся ў Ерузалем і на працягу дзевяці дзён сумесна трывалі ў малітве разам з Марыяй, жанчынамі і вучнямі Пана.

Да малітоўнага чування заахвочваюць святары – некаторыя з іх гавораць важныя для вернікаў словы: не агульныя, а канкрэтныя, якія тычацца цяперашняй рэальнасці, у святле хрысціянскай веры.

«Мы жывём ва ўмовах нязгоды, цяжкасцяў і цярпення. Аднак Хрыстус не пакінуў нас адных, абяцаючы спаслаць Святога Духа. Менавіта Святы Дух падтрымлівае нас у барацьбе са злом, асвячае нас і надае сэнс нашаму чалавечаму існаванню. З удзячнасцю ў сэрцы станем перад алтаром, дзе моцаю Святога Духа ўдзельнічаем у ахвяры Хрыста і Касцёла, а таксама атрымліваем неабходныя ласкі для хрысціянскага жыцця. Давайце прасіць Бога, каб сілай Святога Духа ачысціў нашае сумленне, каб мы змаглі прыняць Божыя дары», – гаворыцца ў нядзельных аб'явах адной з парафій Гродзенскай дыяцэзіі.

Media

Last modified onПятніца, 19 Май 2023 14:08
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.