Logo
Print this page

«Сустрэліся два энерджайзеры». Незвычайную пару абвянчаў біскуп

Больш за год маладых людзей падзялялі 215 км, але нават гэта не стала перашкодай у стасунках.

Пара маладых каталіцкіх музыкаў і актывістаў абвянчалася ў касцёле ў Светлагорску. Сакрамэнт шлюбу асабіста ўдзяліў біскуп Андрэй Зноска, які прыехаў у райцэнтр у тым ліку дзеля гэтай падзеі.

Вянчанне адбывалася ў родным горадзе нявесты – Дар'і Брыштэль. Яе жаніх – з парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску, удзельнік хору Чырвонага касцёла Аляксандр Плюта, пра якога мы раней распавядалі.

Біскуп у сваім допісе адзначыў, што храм быў напоўнены не толькі мясцовымі вернікамі, але і гасцямі з розных куткоў Беларусі, бо і Дар'я, і Аляксандр актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх каталіцкіх рухах, пілігрымках і мерапрыемствах па ўсёй краіне.

Гісторыю кахання Дар'я апісвала на сваёй старонцы. Маладыя людзі пазнаёміліся ў 2024 годзе на «Музычнай майстэрні» ў Івянцы:

«Сустрэліся два энэрджайзеры, якія носяцца па ўсёй Беларусі (і не толькі) і ўсім хрысціянскім тусоўкам... «Майстэрня» скончылася, а наша сяброўства – не. Я паклікала яго ў пілігрымку Бяроза – Лагішын».

Падчас паломніцтва маладыя людзі зразумелі, што хочуць ісці разам па жыцці і пачалі сустракацца. Затым пара дапамагала ладзіць «Канікулы з Богам» для дзяцей у Пінску, пасля чаго разам трапілі на рэкалекцыі.

Даша шмат часу «жыла ў цягніку» і маталася паміж гарадамі – больш за год пару падзялялі 215 км, але нават гэта не стала перашкодай у стасунках, і ў выніку пара стварыла сям'ю.

Media

Last modified onЧацвер, 25 Верасень 2025 20:43
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.