Не так як звычайна прайшоў у Мінску гарадскі Крыжовы шлях. Прычына – на фота
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Што новага вядома пра будоўлю ля касцёла і што яшчэ зменіцца?
Агульнагарадскі Крыжовы шлях правялі католікі Мінска ўвечары 1 красавіка, у Вялікую сераду напярэдадні Вялікадня. У адрозненні ад Гродна і іншых гарадоў заходняга рэгіёна ў Мінску гэтае набажэнства праходзіць не па цэнтральных вуліцах, а ў двары касцёла святога Роха на Залатой Горцы.
Сёлета Крыжовы шлях прыйшлося праводзіць у сціснутых умовах [відэа ніжэй] – з-за будаўніцтва сакрэтнага будынка. Усе папярэднія гады масавы інсцэніраваны Крыжовы шлях праходзіў на прасторнай пляцоўцы перад храмам – пасля 2017 году, калі тэрыторыю былых Залатагорскіх могілак перадалі ў карыстанне парафіі. Але ў 2025 годзе ўчастак нечакана забралі і разгарнулі тут будаўніцтва.

Што пра яго цяпер вядома і чым завяршылася нядаўняе грамадскае абмеркаванне? Вернікі, што ўдзельнічалі ў Крыжовым шляху, які ў гэты раз правялі на маленькім участку ля храма, заўважылі, што будаўніцтва прасоўваецца хуткімі тэмпамі: выраслі ўжо некалькі паверхаў будынка.
Што тычыцца знойдзеных пры будаўніцтве парэшткаў людзей, пахаваных на могілках, то іх дагэтуль не перадалі парафіі для перапахавання. Але перамовы на гэты конт па-ранейшаму вядуцца, наколькі вядома вернікам.
Тым часам з аб'яваў парафіі прыбралі заклік да малітвы, якой супольнасць малілася апошні год – «каб парэшткі нашых продкаў, пахаваных на Залатагорскіх могілках, не былі знішчаныя».

Як мы распавядалі, у лютым-сакавіку праходзіла грамадскае абмеркаванне ўнясення змяненняў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання рэканструкцыі жылога квартала «Залатая Горка». Тады мы звярталі ўвагу, што план не адпавядае рэчаіснасці: на месцы, дзе ўжо актыўна вялася будоўля, меркавалася стварэнне сквера ля касцёла.
Гэтае пытанне задалі аўтарам праекта, як вынікае з апублікаванага пратаколу вынікаў грамадскага абмеркавання. Паступіла такая заўвага:
«Чаму замест стварэння сквера на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак узводзіцца шматфункцыянальны будынак, не пазначаны на дэтальным плане?»
На гэта ў камісіі адказалі:
«Будаўніцтва вядзецца ў адпаведнасці з раней зацверджанай праектнай дакументацыяй, распрацаванай пасля фарміравання праектных рашэнняў гэтага дэтальнага плану».
Таксама з пратаколу даведаліся, што яшчэ зменіцца паблізу касцёла. На месцы боксавых гаражоў, якія плануюць знесці, дэталёвым планам будзе рэкамендавана будоўля паркоўкі з праездам да храма.
Менавіта для арганізацыі парковачных месцаў і праезду для абслугоўвання касцёла праектам прапануецца знос гаражоў, адзначылі ў камісіі.
Media
Related items
-
Дзе глядзець трансляцыю на Вялікдзень-2026 – падборка відэа-онлайн з касцёлаў
-
«Нельга святкаваць Вялікдзень і...» Моцнае слова арцыбіскупа Кандрусевіча на Пасху
-
Цудоўная гісторыя ў Вербную нядзелю: дзядулі ў Гродне дапамаглі праз «сілу Threads»
-
Ва ўмовах вострага недахопу святароў прызначаны пробашчы парафій, дзе служылі польскія ксяндзы
-
Новы факт ціску на католікаў у РФ: з храма ва Уладзіміры патрабуюць прыбраць абраз заступніка парафіі