Logo
Print this page

Не толькі на вуліцы: удзельнікі працэсіі Божага Цела ў Гродне масава сведчылі аб сваёй веры ў сацсетках

Паводле ацэнак мясцовых вернікаў, сёлета ўдзельнікаў было меней з-за пераносу працэсіі.

Адна з найбольш масавых працэсій Божага Цела адбылася ўвечары 11 чэрвеня ў Гродне. Шэсце было перанесена з мінулага чацвярга на апошні дзень святочнай актавы з-за падрыхтоўкі да правядзення ў горадзе Фестывалю нацыянальных культур.

Паводле ацэнак мясцовых вернікаў, сёлета ўдзельнікаў было меней, чым у ранейшыя гады, яны звязалі гэта з пераносам працэсіі на тыдзень.

Тым не менш, вялікая калона католікаў прайшла праз цэнтр Гродна, каб засведчыць аб сваёй веры, праславіць Езуса Хрыста, Яго прысутнасць у Найсвяцейшым Сакрамэнце, дабраславіць горад, жыллё і месцы працы, маліцца аб абароне ад вайны і няшчасцяў, аб супольным міры.

Адметна, што многія ўдзельнікі працэсіі выкладалі ў сацсеткі фота і відэа і такім чынам таксама сведчылі аб сваёй веры – не толькі на вуліцы, але і ў віртуальным свеце, дзе таксама «жыве» мноства людзей.

Напрыклад, шматдзетная маці Анжэліка Жыжэль выкладала цэлую відэа-гісторыю. Яна распавяла, што разам з мужам «адпрасілася ў дзяцей», каб прыняць удзел у працэсіі Божага Цела і патлумачыла, чаму гэта важна, напісала пра сэнс набажэнства і яго парадак:

«Іду ў натоўпе і думаю: навошта я тут? Паказаць, што я таксама веруючая? Але я не самы лепшы і прыемны чалавек у гэтым свеце. Я зразумела, што Езус ведае ўсе мае грахі і слабасці і хоча, каб ішла за Ім разам з усімі».

Многія маладыя людзі выкладвалі гісторыі і тэгілі біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, які ўзначальваў працэсію.

Media

Last modified onПятніца, 12 Чэрвень 2026 11:56
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.