З Беларусі ўжо выехалі некаторыя польскія святары, якім не працягнулі дазвол. А што з астатнімі?
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Яшчэ з адным шанаваным святаром развіталіся на Гродзеншчыне. А некаторыя пайшлі на рашучы крок.
Дэкан Стаўбцоўскага дэканата, ксёндз Мар'ян Шэршань, пасля 36 гадоў служэння ціха выехаў з Беларусі – без публічнай падзякі і гучнага развітання. Ён – адзін з тых польскіх святароў, якім нядаўна не працягнулі дазвол на служэнне ў краіне [фота – архіўнае, з уручэння дэкрэту аб прызначэнні святароў у дэканаце].
Ксёндз Мар’ян Шэршань служыў у Налібоках, аднавіў тут касцёл, быў героем публікацый дзяржаўнай прэсы, шанаваным святаром, а цяпер – вымушана пакінуў Беларусь. Пра гэта даведаліся вернікі, хоць публікацый на гэты конт на афіцыйных рэсурсах не было.
Ад'езд святара азначае, што дамагчыся перагляду рашэння аб адмове ў працягу дазволу, як гэта было ў мінулыя гады, не атрымалася.
Таксама, паводле звестак вернікаў, яшчэ як мінімум з адным польскім святаром развітаюцца ў бліжэйшы час, а астатнія захоўваюць надзею застацца ў Беларусі і дзеля гэтага пайшлі на рашучы крок.
Пілігрымы, якія крочылі ў Будслаў праз Івянец, з сумам канстатавалі, што сёлета там іх не сустракаў айцец Лех Баханэк – паважаны святар з Польшчы, які служыць у Беларусі звыш 25 гадоў. Ён – адзін з тых, каму таксама адмоўлена ў працягу дазволу на служэнне ў краіне.
Аднак вернікі даведаліся, што ён, як і некалькі іншых польскіх святароў, маюць намер скарыстаць усе магчымасці, каб застацца ў Беларусі – падаць заяву на атрыманне беларускага грамадзянства.
Менавіта такую ўмову, наколькі было вядома вернікам, ставілі прадстаўнікі ўладаў польскім ксяндзам, якія служаць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Калі святары стануць грамадзянамі Беларусі, атрымліваць дазвол на служэнне больш не будзе неабходнасці. Аднак вядомыя выпадкі, калі некаторым польскім святарам, якія таксама шмат гадоў служылі ў Беларусі і рэалізавалі тут важныя сацыяльныя праекты, у атрыманні грамадзянства было адмоўлена.
Цяпер, калі тэрмін дазволу завяршаецца, а пытанне з грамадзянствам яшчэ не вырашана, святары вымушаны прыпыніць рэлігійную дзейнасць, таму яны і не з'яўляюцца на публіцы.
Яшчэ адзін ксёндз, які вымушаны з'ехаць з Беларусі, – дэкан Мядзельскага дэканату, пробашч парафіі ў Свіры Багуслаў Маджэеўскі. Як даведаліся вернікі, з ім парафія развітаецца ў бліжэйшы час.
І яшчэ адно развітанне з польскім святаром адбылося ў іншай дыяцэзіі – Гродзенскай. У дадзеным выпадку ўзгадка пра ад'езд святара была на афіцыйным рэсурсе Касцёла, хоць прычыну ад'езду прэс-служба дыяцэзіі не патлумачыла.
У Старых Васілішках Шчучынскага раёну ўрачыста праводзілі пробашча. Гэта таксама шанаваны польскі ксёндз, які служыў у Беларусі 27 гадоў, – айцец Збігнеў Драгула з ордэна міхалітаў.

Відэа з кранальнымі момантамі развітання з ім мы заўважылі ў сацсетках. На адным з відэа святар патлумачыў прычыну свайго вяртання ў Польшчу рашэннем кіраўніцтва ордэна. Аднак паводле звестак вернікаў, ён таксама не атрымаў дазволу на працяг служэння. Гэтая інфармацыя патрабуе ўдакладнення.
Таксама са словаў святара ў яго развітальнай прамове вынікае, што ён не адзіны вымушаны пакінуць сваю парафію і адзначае, што такіх святароў – пяць. Ці меў ён на ўвазе ксяндзоў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, невядома. Афіцыйных звестак на гэты конт няма – магчыма, імі падзеляцца вернікі.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Як спёку перажываюць пілігрымы ў Будслаў: вада, марозіва, малітва
-
Біскуп Гродзенскі паказаў гадзіннік, які яму падарылі. Чым ён асаблівы?
-
Першыя пілігрымкі выйшлі ў Будслаў: яны будуць ісці пешшу 9 дзён
-
Новы трэнд: яшчэ адзін блогер прадставіўся святаром. Гэтым разам – у Беларусі
-
Быць знакам надзеі і прымірэння – у Царкве патлумачылі сэнс акцый у гадавіну вайны