BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Узнікла пагроза закрыцця каталіцкай прасторы ў Брэсце – вернікі просяць аб малітве

Гэта месца сустрэч наведвалі многія іерархі – нават кардынал Клаўдыё Гуджэроцці.

Унікальнай каталіцкай прасторы ў Брэсце пагражае знікненне. Гэта «гараж Святога Юзафа» пры касцёле Узвышэння Святога Крыжа на вуліцы Леніна, створаны вернікамі. Пляцоўка задумвалася як месца для сустрэч парафіян, кавы і размоў. Прастора для дзяцей, моладзі, мужчын і жанчын, бабуль і дзядуль – для ўсіх, хто любіць Бога, або толькі хоча акунуцца ў асяроддзе любові, павагі і падтрымкі, – так апісвалі ідэю ініцыятары.

Тут ладзілі воркшопы, майстар-класы, выставы, малітоўныя сустрэчы і іншыя мерапрыемствы. Пляцоўку наведвалі многія іерархі – ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да кардынала Клаўдыё Гуджэроцці.

Нечакана, 1 верасня, на старонцы прасторы з'явілася паведамленне:

«Па незразумелых для нас прычынах узнікла пагроза, што гараж Святога Юзафа пры парафіі перастане існаваць. Просім аб малітве, каб Гараж і далей мог служыць людзям».

Памяшканне адрамантавалі і адкрылі вясной 2025 году. Гэта быў закінуты гараж касцёла, з якога вернікі сваімі сіламі і сродкамі вывезлі смецце, ачысцілі яго, адрамантавалі муры, зрабілі суфіт, падлогу, уставілі акно, прыдумалі дызайн і канцэпцыю.

Пляцоўка ўяўляе сабой падабенства кавярні для вернікаў, залу для сустрэч. Пры афармленні інтэр'еру скарысталі знойдзеныя ў гаражы старыя фотаздымкі, чарцяжы касцёлу і вінтажныя рэчы, каб паяднаць традыцыі мінулага з новым часам.

У каментарах вернікі падтрымалі ініцыятыву:

«Лепшае месца для шчырай гутаркi i праявы дабрынi».

«Будзем маліцца, каб і надалей мы сустракаліся ў кавярні, славілі Госпада, усміхаліся, размаўлялі, знаёміліся бліжэй і адчувалі сябе адной вялікай сям'ёй, якая ўмее дапамагаць, працаваць, частаваць, умее любіць».

Прычыны, па якіх узнікла пагроза закрыцця прасторы, не называюцца. Адно з меркаванняў, якое мы заўважылі, гучыць так:

«Некаторым людзям цяжка бачыць, як католікі радуюцца жыццю, яшчэ і ў цэнтры горада. І замест таго, каб паразмаўляць і дайсці да нейкага кампрамісу, выкарыстоўваюцца рычагі, супраць якіх мы бездапаможныя пры дадзеных абставінах і ў дадзены час».

Сітуацыя выглядае так, што пляцоўка прыцягнула ўвагу дзяржаўных органаў, якія пажадалі падвесці памяшканне пад пэўныя нарматывы для камерцыйных устаноў. Але «гараж» католікаў такой не з'яўляецца – гэта не асобная ўстанова, ён існуе пры парафіі і прызначаны для сустрэч парафіян, ён не вядзе камерцыйную дзейнасць.

Такія «кавярні», залы існуюць пры многіх касцёлах – гэта звычайная практыка. Яны не патрабуюць адпаведнага афармлення і не падпадаюць пад нарматывы. Вернікі спадзяюцца, што паразуменне з адпаведнымі органамі будзе знойдзена, і моляцца аб гэтым.

Нагадаем, касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце – той самы, які на некалькі вечароў пераўтваралі ў канцэртную залу, што выклікала неразуменне вернікаў. Гэтую практыку працягваюць: наступны такі канцэрт запланаваны на 11 верасня.

Media

Last modified onСерада, 02 Верасень 2026 15:28
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць