Logo
Print this page

Расіян здзівіла Імша ў галоўным касцёле Мінска. Чым менавіта?

Адзін момант стаў нечаканым, а другі — звыклым: чаму няма Імшаў па-руску. Падрыхтавалі адказы на абодва пытанні.

Каталіцкая верніца з Санкт-Пецярбурга па дарозе ў беларускі санаторый пабывала на святой Імшы ў архікатэдральным касцёле ў Мінску і распавяла ў сацсетцы, што яе здзівіла. Адзін з момантаў быў нечаканым:

«Вы не паверыце: гэты малады святар прачытаў пропаведзь за 5 хвілін, а ўсю службу правёў за паўгадзіны».

На выкладзеным фота мы пазналі вікарыя Андрэя Бурака. У каментарах падтрымалі здзіўленне: што за казанне на 5 хвілін і Імша за паўгадзіны?

Другім момантам, які закранулі ў каментарах, стаў моўны – чаму няма Імшаў па-руску:

«У КЦ политика такая странная: несмотря на то, что в Минске люди практически не говорят по-беларусски, службы проводят только на беларусском и польском (для 2-3 поляков, которые там живут)!? Исключительно неразумное решение!»

Мы падрыхтавалі адказы на абодва пытанні.

Пачнем з моўнага, які ўжо не раз уздымалі не толькі расіяне, але і некаторыя беларускія вернікі. У пачатку 1990-х, калі ў Беларусі адраджалі структуры Каталіцкай царквы, у краіне быў агульны нацыянальны ўздым, а адзінай дзяржаўнай мовай была беларуская. На нацыянальнай мове выходзілі навіны на тэлебачанні, газеты, выдаваліся афіцыйныя дакументы.

Таму натуральна, што беларуская мова была вызначана як асноўная і ў Каталіцкай царкве: літургічныя кнігі, малітоўнікі, песеннікі, дакументы — усё выдавалася па-беларуску.

Гэта адбывалася ў адпаведнасці з рашэннем Другога Ватыканскага Сабору, які дазволіў выкарыстоўваць у літургіі родныя мовы народаў. А беларусы вызнаюць сваёй роднай мовай менавіта беларускую.

На працягу дзесяцігоддзяў нацыянальная мова трывала замацавалася ў Каталіцкай царкве – так ужо склалася гістарычна. Нават тыя вернікі, якія ў паўсядзённым жыцці не гавораць на роднай мове, прызвычаіліся маліцца па-беларуску і ўспрымаюць гэта як тое, што само сабой зразумела. Імшы на рускай мове — нават для рускамоўных — наадварот, здаюцца ненатуральнымі.

Раней мы прыводзілі меркаванне аднаго з такіх вернікаў:

«Я таксама размаўляю ў большасці на рускай мове, але Імшу па-руску проста не ўяўляю! Касцёл — аддушына, дзе ўсё на беларускай, і гэта крута».

Сапраўды, ва ўмовах татальнай русіфікацыі Каталіцкая царква ў Беларусі застаецца ў нейкай ступені захавальніцай нацыянальных мовы і культуры.

Некаторыя ўздымалі пытанне аб тым, чаму нельга праводзіць Імшу на рускай хаця б раз на тыдзень, на што іншыя адказвалі: для гэтага патрабуюцца доўгія ўзгадненні, вырашэнне розных аргпытанняў, а ў выніку ўдзельнікаў такой Імшы будуць адзінкі.

Што тычыцца Імшаў на польскай мове, то яны сапраўды запатрабаваныя і праводзяцца не для «2-3 палякаў», як лічаць расіяне, а для беларусаў — тых, якія з дзяцінства прызвычаіліся маліцца па-польску, і перайсці на беларускую мову ім цяжка.

Гэта, у асноўным, ураджэнцы Заходняй Беларусі, дзе традыцыйна, дзесяцігоддзямі моляцца на польскай мове, што таксама склалася гістарычна. Нават цяпер маладыя людзі, якія прыехалі ў Мінск з глыбінкі Гродзенскай вобласці, не могуць прывыкнуць да Імшаў па-беларуску — у сталіцы ім не хапае службаў на польскай мове.

А на першае здзіўленне расіянаў — аб кароткай пропаведзі і Імшы — адказ просты. Аўтар паведамлення была на будзённай службе, падчас якой казанне наогул часта не прамаўляюць. Так прынята не толькі ў Беларусі, але і Польшчы, краінах Заходняй Еўропы.

Будзённая святая Імша можа праходзіць і за 20 хвілін — многія вернікі наадварот вітаюць дынамічнасць службы і кароткія пропаведзі альбо іх адсутнасць у будні дзень, калі людзі занятыя працай і шматлікімі справамі, і прыходзяць на Імшу не дзеля пропаведзі і рытуалаў, а дзеля самага галоўнага — удзелу ў Эўхарыстыі.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onСубота, 11 Ліпень 2026 15:01
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.