Logo
Print this page

Гомельскага пробашча айца Славаміра павіншавалі з 55-годдзем і Днём анёла

Праз больш чым 20-гадовую дзейнасць святара ў Гомелі расце парафія, развіваюцца сацыяльныя праекты.

Пасля Імшы 5 лістапада біскуп Казімір Велікаселец павіншаваў пробашча гомельскай рыма-каталіцкай парафіі айца Славаміра Ласкоўскага з імянінамі (Днём анёла) і падарыў яму абраз Езуса. А 4 лістапада парафіяне віншавалі свайго пробашча з 55-годдзем, пажадаўшы яму Божага благаслаўлення, радасці, здароўя, пастаяннага навяртання да Госпада, ўзрастання ў веры, а таксама стаць святым і шукаць Валадарства Нябеснае.

Айцец Славамір служыць у Гомелі ўжо больш за 20 гадоў. Ён прыняў пасвячэнне ад Папы Яна Паўла II, якога Каталіцкая царква нядаўна абвясціла святым. Убачыўшы сваё пакліканне ў тым, каб ехаць на Усход, на землі , якія дзесяткі гадоў жылі пад засіллем атэізму, малады святар прыбыў у Гомель у канцы 80-х. У той час тут не было ні храма, ні парафіі. Айцец Славамір доўга дамагаўся рэгістрацыі супольнасці і перадачы памяшкання майстэрні мастакоў - былой капліцы, каб пабудаваць на яе аснове касцёл.

Праз айца Славаміра, яго цяжкую працу Гасподзь адрадзіў ў гомельскім рэгіёне каталіцкія парафіі, а дзейнасць польскага святара па адраджэнні беларускай культуры, евангелізацыі, сацыяльным служэнні прынесла велізарны плён.

Last modified onЧацвер, 13 Лістапад 2014 09:22
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.