Logo
Print this page

Кіраўнік уніятаў Беларусі наведаў Гомель на Раство

Архімандрыт Сяргей Гаек правёў урачыстую Імшу для рыма-католікаў і святочную Літургію для грэка-католікаў.

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек 25 снежня ўзначаліў святочную Калядную святую імшу ў гомельскай рыма-каталіцкай царкве. Звяртаючыся з пропаведдзю, кіраўнік уніятаў адзначыў:

- Бог жыве з намі, жыве побач, а мы, можа быць, сёння больш занятыя шопінгам, асабліва ў гэтыя дні, калі грошы губляюць вартасць. Таму дзякую Госпаду за кожнага, хто прыйшоў сёння ў храм. Калі прыходзім на службу Божую, значыць, хочам служыць Богу, а не каб Ён нам служыў, і не толькі для таго, каб паставіць свечку. Хоць ставіць свечкі - таксама важна, гэта знак таго, што ты хочаш служыць Ісусу Хрысту. І не толькі на Раство, але ўсё жыццё. Вядома, гэта няпроста. Але, як чытаем у Евангеллі, тым, хто прыняў Яго, дадзена сіла і ласка стаць дзецьмі Божымі. Мы ўсе сыны і дочкі Божыя, пытанне ў тым, ці жывём мы па гэтай годнасці?

Таксама архімандрыт закрануў пытанне беларускай мовы ў гомельскім касцёле, нагадаўшы аб тым, што хутка будзе адзначацца 500-годдзе выданне Францыскам Скарынам Бібліі на беларускай мове:

- Чытайце Слова Божае на роднай мове, інакш хто гэта будзе рабіць акрамя нас? Гэта першы знак павагі да таго, што з прыходам Ісуса Хрыста ўся культура атрымала новае вымярэнне. Пытанне Евангелля і культуры - гэта пакліканне кожнага хрысціяніна.

У той жа дзень архімандрыт Сяргей Гаек правёў Калядную Літургію для невялікай суполкі гомельскіх грэка-католікаў, якія збіраюцца ў гомельскім касцёле кожную другую і чацвёртую нядзелю месяца.

Last modified onЧацвер, 25 Снежань 2014 17:49
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.