Logo
Print this page

Гарвыканкам фармуе ўчастак пад будаўніцтва другога ў Гомелі касцёла

Знішчаную савецкімі ўладамі каталіцкую парафію Ўнебаўзяцця Божай Маці ў Гомелі адрадзілі два гады таму.

На пытанне гомельскіх каталікоў, якое паступіла на СМС-лінію гарвыканкама, пра тое, калі ў Савецкім раёне Гомеля будзе выдзелены ўчастак пад будаўніцтва касцёла, апублікаваны афіцыйны адказ: «У дадзены момант ідзе фарміраванне зямельнага ўчастка пад будаўніцтва касцёла з падпісаннем акта выбару».

Нагадаем, другі ў Гомелі каталіцкі храм мяркуецца пабудаваць на праспекце Кастрычніка ў раёне корпуса ГДТУ імя Сухога. Станоўчае рашэнне аб рэгістрацыі рыма-каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Божай Маці было прынята на пасяджэнні камісіі Гомельскага гарвыканкама ў лютым 2013 года. На працягу апошніх двух гадоў афармляюцца дакументы, вырашаецца пытанне аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва касцёла. Тым часам многія вернікі штодня моляцца аб больш хуткім пачатку ўзвядзення новага храма.

Касцёл Унебаўзяцця Божай Маці яшчэ з царскіх часоў размяшчаўся ў самым цэнтры Гомеля, на месцы цяперашняй плошчы Леніна (тады - Базарнай), прыкладна ў тым месцы, дзе цяпер стаяць драмтэатр і будынак Белтэлекама. 

- У 1938 году парафію зачынілі савецкія ўлады, а ў 1940 годзе ўзарвалі храм. Мы павінны вярнуць гісторыю Гомеля і аднавіць гэтую парафію. Зараз ідзе размова аб выбары ўчастка. Гомель - другі горад пасля Мінска па колькасці насельніцтва і мае ўсяго адзін каталіцкі храм. Мы хочам пабудаваць класічны касцёл, усталяваць там арган, каб гомельцы маглі пачуць Баха, «Авэ Марыя». Без духоўнасці ідзе дэградацыя, грамадства мае патрэбу ў духоўным адраджэнні, - гаворыць дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які займаецца адраджэннем парафіі.

Біскуп таксама адзначыў, што з Савецкага раёна вернікам вельмі далёка ехаць да адзінага цяпер дзеючага касцёла, таму менавіта тут плануецца будаўніцтва другога каталіцкага храма.

Last modified onПятніца, 13 Люты 2015 09:38
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.