Logo
Print this page

Тысячы беларусаў прыйшлі ў Будслаў на свята 400-годдзя абраза Божай Маці [фотагалерэя, відэа з пілігрымак і свята]

За некалькі дзён паломнікі пераадолелі сто і больш кіламетраў, каб удзельнічаць у галоўнай падзеі года для беларускіх каталікоў.

5-6 ліпеня ў пасёлку Будслаў Мядзельскага раёна прайшоў фэст у гонар цудатворнага абраза Маці Божай, заступніцы Беларусі. У гэтым годзе свята стала асабліва ўрачыстым: адзначалі 400-годдзе набыцця абраза Маці Божай Будслаўскай. Вобраз быў напісаны ў 1598 годзе ў Рыме і падораны Папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу.

З тых часоў абраз мае багатую гісторыю і славіцца цудамі вылячэння. З пачатку 1990-х гадоў адраджаецца ягоны культ, у Будслаў ідуць дзесяткі тысяч пілігрымаў з усёй Беларусі, і да даты каранацыі абраза ў мясцовым санктуарыі штогод праходзіць фестываль - галоўная падзея года для беларускіх каталікоў.

У гэтым годзе ў Будслаў прыбыў высокі госць - пасланнік Папы Рымскага кардынал Жан-Луі Таран, і рэкордная колькасць пілігрымаў - больш за 40 тысяч чалавек, у тым ліку з-за мяжы. А больш за дзве тысячы вернікаў - у асноўным, гэта моладзь, сямейныя пары, але таксама дзеці і людзі сталага ўзросту прыйшлі ў Будслаў пешымі пілігрымкамі з розных куткоў Беларусі. За некалькі дзён групы паломнікаў пераадолелі сто і больш кіламетраў.

Удзельнічаючы ў галоўнай святочнай Імшы, кардынал Таран заявіў:

- Я павінен пераканаць святога айца Францішка, каб ён сюды прыехаў. Я думаю, гэта будзе нескладана, калі я распавяду пра тое, што я ўбачыў - а ўбачыў я жывую царкву, якая імкнецца ў будучыню.

Гомельскія каталікі далучыліся да пілігрымак з Маладзечна, Мінска, Віцебска і Баранавічаў, а каля 140 мясцовых вернікаў прыехалі ў Будслаў на аўтобусах. Упершыню ў пілігрымцы ўдзельнічала цэлая група гомельскіх вернікаў, прычым, большасць з іх - дзеці, скаўты дружыны святога Андрэя Баболі. Хлопчыкі і дзяўчынкі мужна праходзілі ў сярэднім па 20 кіламетраў у дзень, і атрымлівалі ад Бога выдатныя ўзнагароды. Гэта не толькі радасныя зносіны ў шляху, цёплы прыём жыхароў гарадоў і вёсак, якія праходзілі ў пілігрымцы, але і розныя прыгоды. Скаўты доўга будуць успамінаць, як праходзілі пасвячэнне ў пілігрымы, ехалі на фургоне, каб пакупацца ў рэчцы, як спалі ў сельскім клубе, дзе не было святла, ладзілі вогнішча з песнямі, лавілі ў лесе яшчарак, начавалі проста ў будынку старадаўняга касцёла, у ваенным намёце перажывалі ўраган і навальніцу, неслі службу на свяце ў Будславе. Дарэчы, вярнуўшыся нядзельным ранкам у Гомель, адразу з цягніка скаўты адправіліся на Святую Імшу.

Media

Last modified onАўторак, 30 Ліпень 2013 15:36
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.