350 пілігрымаў прыйшлі пешшу да Маці Божай Каралевы Палесся
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
Пілігрымкі з Бярозы і Баранавіч пераадолелі больш за 100 км шляху.
21 жніўня ў санктуарыі ў Лагішыне распачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. У гэты дзень у санктуарый прыбылі ўдзельнікі пешых пілігрымак. Пілігрымкі вырушылі 18 жніўня з Баранавіч і Бярозы. У санктуарыі сустрэліся 201 пілігрым з бярозаўскай і 146 з баранавіцкай пілігрымкi. Першай прыйшла пілігрымка з Баранавіч, якая пераадолела 140 кіламетраў, а амаль адразу за ёю пілігрымка з Бярозы пасля шляху ў 120 кіламетраў.
Уваходзячых вітаў пробашч перад Брамамі Міласэрнасці. Вечарам адбылася святая Імша для пілігрымаў, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Гамілію прамовіў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, узгадаўшы ў ёй багатую гісторыю парафіі, касцёла і цудадзейнага абраза Багародзіцы і заклікаўшы прысутных да аддання сябе пад Яе апеку. “Як пакаленні нашых продкаў прызнавалі Каралеву Палесся сваёй Маці і Заступніцай, так і вы не бойцеся даверыцца Ёй!” – заклікаў іерарх.
Па заканчэнні гаміліі ўдзельнікі Імшы ўрачыста аднавілі сакрамэнт хросту. Напрыканцы адбылася эўхарыстычная працэсія з абразом Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Удзельнікі працэсіі ішлі з запаленымі свечкамі і спевамі праслаўлення. Працэсія завяршылася ўрачыстым благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якое біскуп удзяляў кожнаму пры ўваходзе ў Брамы Міласэрнасці. Пасля Эўхарыстыі перад касцёлам прайшоў канцэрт праслаўлення, які прадставіў гурт “Крок за крокам” з Баранавіч і Брэста. У касцёле ж адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту працягвалася ўсю ноч.
Related items
-
«Сустрэліся два энерджайзеры». Незвычайную пару абвянчаў біскуп
-
Стаў вядомы загадкавы «Асаблівы госць» Юбілею моладзі ў Брэсце
-
Рэдкі выпадак: дэлегацыя дзяржслужачых разам з біскупамі і праваслаўным святаром наведалі касцёл
-
Папулярны праваслаўны манах з Гомеля раскрытыкаваў Ватыкан і моцна памыліўся
-
Пакаянне за Беларусь і пілігрымка да Каралевы Беларусі: дзве важныя падзеі на захадзе і ўсходзе