Ці ёсць у тваіх планах крыж? Католікі перажылі Вялікую Пятніцу [фота]
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
«Хрыстос вучыць быць свабодным - ад палітыкі, светапогляду, страхаў».
25 сакавіка католікі перажывалі Вялікую Пятніцу, узгадваючы Мукі Пана. У гэты дзень Ісус Хрыстос быў укрыжаваны і памёр, добраахвотна ўзяўшы на сябе грахі свету, грахі кожнага чалавека. У каталіцкіх храмах у пятніцу прайшла Літургія Мукі Пана, якая ўслед за Вялікім Чацвяргом і Літургіяй абмывання ног працягнула Вялікі Пасхальны Трыдуум.
У гомельскім касцёле ў пачатку Літургіі Мукі Пана пробашчы дзвюх парафій ляглі на падлогу і маліліся крыжам, паўтараючы малітву Хрыста ў Гефсіманскім садзе. Усе вернікі падчас Літургіі кланяліся крыжу Ісуса і цалавалі яго.
- У гэтай літургіі Гасподзь паказвае, што значыць быць свабодным. Свабодным ад палітыкі, светапогляду, страхаў. Ён, Які свабодна аддае сваё жыццё, - падкрэсліў айцец Славамір. Ён нагадаў, што падчас літургіі здзяйсняецца малітва за ўсіх людзей, нават за няверуючых, ганіцеляў, ворагаў Царквы, таму што Ісус памёр на крыжы за ўсіх без выключэння.
- Ісус прыйшоў на зямлю менавіта для таго, каб памерці на крыжы, выкупіць нас. І сёння нам варта задумацца над сэнсам крыжа, свайго жыцця - нехта іншы, не я, памірае за мяне на крыжы. За тое, што раблюся дзіцем Божым, хоць гэтага не варты, за тое, што кожны раз маю магчымасць атрымаць адпушчэнне грахоў і магчымасць пачаць жыццё па-іншаму. А ці ўваходзіць у нашы планы тое, пра што кажа Ісус: вазьмі свой крыж і ідзі за мной? Нам здаецца гэта бессэнсоўным, але ў выніку менавіта гэта стане самым важным. Трэба толькі даверыцца, прыняць гэтае слова, - заклікаў айцец Андрэй.
Нагадаем, Велікоднае ўсяночнае чуванне пачнецца ў гомельскім касцёле ў 23.00 у суботу, 26 сакавіка. У дзень Вялікадня, 27 сакавіка, Імшы пройдуць у 9.00, 12.00 і 16.00.
Related items
-
Новы Апостальскі нунцый упершыню наведаў Гомель – і вось з якой нагоды
-
А вы бачылі, як вырабляюць ружанцы? Працэс паказаў беларускі майстар
-
«Уся каталіцкая Беларусь моліцца». Як адрозніваецца афіцыйнае і неафіцыйнае жыццё Касцёла
-
Нунцыю і біскупу не дазволілі сустрэцца са зняволенымі святарамі
-
Тры гады як закрыты Чырвоны касцёл у Мінску: вернікі пачынаюць зваротны адлік