Logo
Print this page

Хрысціянскія адказы на вечныя пытанні

Як стаць багатым? Як стаць шчаслівым? Што такое любоў? Як стаць дабрэйшым? Як стаць прыгожай? І нават - навошта чытаць Біблію? Вось адны з самых папулярных пошукавых запытаў у інтэрнэце.

Людзі шукаюць адказы на вечныя пытанні. Калісьці шукалі ў кнігах, пыталіся пра гэта ў мудрацоў і настаўнікаў, а цяпер - у Гугла і Яндэкса :)) Чаму б нам не прывесці простыя хрысціянскія адказы на вечныя пытанні? Давайце паспрабуем разам!

Скажу адразу - я не святар, а просты вернік каталіцкай царквы. Але праўды, пра якія распавёў Ісус, не толькі прыняў, але ўжо і паспеў праверыць іх у сваім жыцці. Таму магу сказаць упэўнена: гэта працуе! Буду сцвярджаць тое, што ведаю па сваім досведзе, а вы дададзіце, ок?

Як стаць багатым? Не парыцца пра грошы! У маёй сям'і грошай заўсёды хапае на ўсё неабходнае. Што кажа Біблія пра грошы? Вось словы Езуса:

- Не турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Душа ці не большая за ежу, і цела за адзенне? (...) Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і ўсё дадасца вам. (Больш цытат з Бібліі пра грошы - тут >>>)

Калі я не трасуся над грашыма і не пакланяюся ім, лічачы, што яны - галоўнае ў жыцці, даю міласціну і не скнарнічаю, Айцец Нябесны пасылае мне ўсё больш матэрыяльных дабротаў!

Як стаць шчаслівым? Хай будзе Воля Твая - так нас вучыць маліцца Хрыстос. Сапраўды, немагчыма стаць шчаслівым, ідучы супраць Волі Бога. Бо толькі Ён лепш за нас і любога сябра, бацькі, настаўніка ведае, што нам трэба для шчасця. Бо Гасподзь любіць нас і хоча, каб мы былі шчаслівымі!

Упэўнены, кожны не раз заўважаў: знешне паспяховы, багаты чалавек можа жыць няшчасна, а вочы бедняка і няўдачніка, у тым сэнсе, як гэта разумеюць у грамадстве, могуць пастаянна выпраменьваць шчасце. У чым жа справа? Не кожны будзе шчаслівы, маючы шмат грошай. Гасподзь ведае, што нечую душу багацце або поспех, дабрабыт або ўсё тое, да чаго мы так імкнёмся, можа проста забіць. І не дае гэтага - з любові.

Воля Айца Нябеснага, а значыць, наша шчасце, для кожнага індывідуальная. Для кагосьці гэта сямейнае жыццё з кучай дзяцей, для кагосьці манаства. І яшчэ дзесяткі і сотні варыянтаў. Таму Царква заклікае шукаць Волю Божую - праз малітву і праз Слова Госпада.

Але тое, што Бог хоча абсалютна для кожнага чалавека, выкладзена ў Ягоных запаведзях. А галоўныя з іх - любі Бога і бліжняга, як самога сябе. Так мы падышлі да наступнага пытання: што такое любоў? Адказ просты: любіць - значыць, жыць для іншага, а не для сябе. Прыклад любові таксама бярэм у Ісуса: Ён любіць нас так, што нават памёр за нас страшнай смерцю, зусім яе не заслугоўваючы. Праўда, мы з-за нашай грахоўнай прыроды, не здольныя на такое самі. Але Гасподзь можа даць нам гэтую любоў і сілу, якую нішто не адолее.

Як стаць дабрэйшым, таксама відавочна. Я часта бываю злосны на сваіх блізкіх дый на людзей наогул, нават мала мне знаёмых. І зразумеў, што станаўлюся такім, калі не маю ў сэрцы мір ад Бога, калі яно закрытае ад Хрыста і зачарсцвелае. Але варта толькі адкрыць сэрца і папрасіць Езуса ўвайсці ў яго, як усё адразу мяняецца. Гасподзь творыць цуды!

Як стаць прыгожай? Пластычныя аперацыі ў гэтым дакладна не дапамогуць. Ну, на нейкі час - можа быць. Наша цела - гэта храм Божы, Яго стварэнне. Толькі Гасподзь ведае, чаму Ён стварыў кагосьці прыгажуном, а кагосьці інвалідам. У любым выпадку, усё гэта не спросту, і неабходна для нашага выратавання. Ёсць у кожнага і свой крыж, неабходны для нашага ўваскрэсення ў Царстве Божым. Для кагосьці, магчыма, крыжам з'яўляецца знешнасць.

Але многія не раз заўважалі, што быццам прыгожы па ўсіх мерках чалавек можа выклікаць непрыяцце, а да дзяўчыны або хлопца з пасрэднай знешнасцю наадварот цягнуцца людзі. Бо прыгажосць целу дае тое, што яго напаўняе - нашая душа! І Дух Святы, які мы можам прыняць, усё змяняе!

Напэўна, ужо стала зразумела, навошта чытаць Біблію. Бо дзе, як не ў Бібліі, мы даведаемся тое, што кажа нам Гасподзь? Дзе, як не ў Бібліі, знойдзем Ягоную Волю і адказы на іншыя вечныя пытанні? Біблія і яе Добрая Вестка умацоўвае нас у гадзіны смутку, накіроўвае, падказвае, дае радасць і вучыць любіць.

А якія вы атрымалі адказы на вечныя пытанні ў сваім жыцці? Падзяліцеся у каментарах!

Last modified onПятніца, 11 Ліпень 2014 13:10
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.