Амбасадары Нямеччыны, Францыі і Ватыкана прыехалі на свята беларускіх скаўтаў [фота]
- Written by gomel.catholic.by
- Published in Скаўты - Гомель
- Add new comment
VIP-гасцям павязалі гальштукі, а гомельскіх дзяцей на штогадовай сустрэчы «Дзень братэрскай думкі» пасвяцілі ў скаўты.
24 лютага ў Барысаве прайшло традыцыйнае зімовае свята беларускага скаўцкага руху, які практыкуе педагогіку FSE - Федэрацыі скаўтаў Еўропы. На «Дзень братэрскай думкі» з'ехаліся каля сотні каталіцкіх скаўтаў з усіх куткоў краіны. У прыватнасці, ад гомельскай парафіі ў ДБД ўдзельнічалі і хлопчыкі, і дзяўчынкі, і іх бацькі, што нядаўна ўступілі ў скаўты. Суправаджаў гомельцаў вікарый парафіі ксёндз. Дамінік.
Пачалася сустрэча з урачыстай Святой Імшы, ганаровымі гасцямі на якой былі Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры і амбасадар Германіі ў Беларусі Вальфрам Маас. Скаўты гэтых краін актыўна дапамагаюць беларускім калегам у развіцці руху. У сваёй гаміліі, спецыяльна прысвечанай скаўтам, Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў:
- Мне хочацца, каб наш Касцёл быў Касцёлам энтузіястаў. Не памерлых людзей, якія яшчэ жывуць, а тых, хто ўмее несці моц свайго сэрца. Не мае значэння ўзрост: у энтузіязме ўсе могуць быць маладымі. Хлопцы і дзяўчаты, мы прыгожыя, мы моцныя, нават тады, калі мы слабыя, - бо Бог усіх нас стварыў для любові, і Ён не дапусціць, каб мы загінулі.
Перад тым, як дабраславіць парафіянаў і гасцей, Арцыбіскуп падкрэсліў, што гэта апошняе дабраславенне ад імя Папы Бэнэдыкта XVI, і ён вельмі рады, што перадае яго менавіта скаўтам.
Пасля Імшы «Дзень братэрскай думкі» перамясціўся за горад. У лесе дзеці паабедалі і падчас урачыстага шыхтавання зноў сустрэліся з дыпламатамі. Пад бурныя апладысменты амбасадарам Германіі, Францыі і Ватыкана павязалі скаўцкія гальштукі, а ў адказ госці паднялі тры пальцы і адрапартавалі: «Напагатове!»
Перад пачаткам «Вялікай скаўцкай гульні» гомельскія хлопцы прынялі прысягу і былі пасвечаны ў скаўты. У гонар гэтай падзеі хлопчыкі падкінулі ў паветра свае берэты і адзін аднаго.
Падчас «ВСГ» усе хлопцы падзяліліся на «індзейцаў» і «каланізатараў». У лясных заснежаных ярах яны змагаліся за свае «татэмы» і «жыцці» разам з «духамі вайны» і «духамі дабра».
Пасля падвядзення вынікаў бітвы, шыхтавання і развітальнага чаявання хлопцы і дзяўчаты раз'ехаліся па дамах, каб зноў сустрэцца на «Летніку» і пілігрымцы ў Будслаў да цудатворнага абраза Божай Маці.
Related items
-
Як прасоўваецца рэканструкцыя Чырвонага касцёла ў Мінску – фотафакт
-
Нечаканыя падрабязнасці руйнавання капліцы на Смаргоншчыне распавёў мясцовы жыхар
-
Скандзіравалі «Беларусь!» перад Папам, пачулі пра сваю місію, перажылі гістарычную падзею: 500 беларускіх католікаў у Рыме
-
500 вернікаў з Беларусі падарожнічаюць па Еўропе і дзеляцца ўражаннямі
-
Яшчэ адзін касцёл закрыюць у Мінску. Што пра гэта і іншыя балючыя пытанні распавялі біскупы Папе Рымскаму?