Гомельскія скаўты правялі ў лесе свой першы самастойны «летнік» [фотагалерэя]
- Written by gomel.catholic.by
- Published in Скаўты - Гомель
- Comments (2)
Ужо праз тыдзень хлопцы і дзяўчаты адправяцца ў пешую пілігрымку ў Будслаў на святкаванне 400-годдзя прабывання абраза Маці Божай.
У Гомельскім раёне скаўцкая дружына імя палескага святога Андрэя Баболі правяла свой першы самастойны «летнік». Раней гомельцы ўжо ўдзельнічалі ў гэтай скаўцкай «падзеі года», але далучаліся да хлопцаў з іншых рэгіёнаў. У гэты раз «летнік» цалкам арганізавалі самі.
Хлопцы, дзяўчаты і дарослыя скаўты жылі ў лесе, дзе на маляўнічым беразе Сожа разбілі лагер і вучыліся знаходзіцца ў натуральных умовах. Вядома, дзеці мелі стасункі, гулялі і ладзілі святыя Імшы прама на прыродзе. Каб духоўна падтрымліваць рабят на «летніку», разам з імі ў лесе жыў вікарый гомельскай рыма-каталіцкай парафіі айцец Дамінік.
Хлопцы і дзяўчаты самі рыхтавалі сабе ежу і будавалі месцы для начлегу з падручных матэрыялаў, мылі сваю вопратку. Скаўты купаліся, рыбачылі, гулялі ў «Вялікую скаўцкую гульню», правялі ўласную спартакіяду і перажылі шмат прыгод. А кожную раніцу пачыналі шыхтаваннем пад гук рогу і гімнам-малітвай з просьбай да Госпада асвяціць ўсе справы, запланаваныя на дзень. На «Летніку» ў скаўты ўступілі пяцёра новых хлопцаў.
Многія з адпачываючых падыходзілі да хлопцаў, каб пацікавіцца іх «летнікам», некаторыя нават пыталіся, як уступіць у скаўты. У лес на Эўхарыстыю прыйшоў жыхар Старых Дзятлавічаў, адзіны ў сваёй вёсцы каталік. Дзякуючы «летніку» ён змог прыняць святую Камунію, таму што прыязджаць на Імшу ў гомельскі касцёл часта не мае магчымасці.
Ужо праз тыдзень гомельскія скаўты амаль у поўным складзе сустрэнуцца зноў, каб адправіцца ў пешую пілігрымку ў Будслаў, дзе адбудзецца святкаванне 400-годдзя прабывання абраза Маці Божай.
Related items
-
Усяго тры чалавекі ў Расіі вучацца ў каталіцкай семінарыі. А як у суседніх краінах?
-
«Жыццё пачынаецца там, дзе знікае 5G». Святар з Віцебска выпускае кнігу – для падлеткаў
-
Цуды – кожны дзень. У Будславе распавядаюць, як і каму дапамагла Божая Маці
-
Стаў вядомы кошт удзелу для католікаў Беларусі ў Сусветных днях моладзі ў Сеуле
-
Спрэчных канцэртаў у касцёле ў Брэсце больш не будзе? Так вырашылі ўлады, але не касцёльныя
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу