Logo
Print this page

Для лячэння Насці Юрчанка ўдалося сабраць усю неабходную суму

Дабрачынны канцэрт з удзелам беларускіх зорак папоўніў рахунак амаль на 60 мільёнаў рублёў.

Падчас дабрачыннага канцэрту, арганізаванага для збору сродкаў на лячэнне 15-гадовай гомельскай гімназісткі Насці Юрчанка, было сабрана каля 58 мільёнаў рублёў. Пра гэта на акцыі «Дзень без абортаў» распавяла адна з арганізатараў канцэрта - Місіс Беларусь Юлія Перагудава.

Канцэрт пры ўдзеле Аляксандра Саладухі, Дзядзі Вані, Макса Лорэнса, Уладзіміра Ухцінскага і іншых беларускіх і расійскіх артыстаў прайшоў 24 сакавіка ў Гомельскім гарадскім цэнтры культуры. Выручка за квіткі склала каля 47 млн. рублёў, акрамя таго ў скарбонку для збору грошай на лячэнне Насці гледачы паклалі яшчэ каля 11 млн. рублёў. Усе грошы пералічаныя на дабрачынны рахунак.

У цэлым за час акцыі «Горад - выратавальнік», якая была ініцыяваная Юліяй Перагудавай і яе мужам Дзмітрыем, дабрачынны рахунак Насці папоўніўся прыкладна на 30 тысяч даляраў, дзякуючы гэтаму сума, неабходная для лячэння за мяжой, ужо сабрана. Аднак яшчэ засталося сабраць сродкі на непрадбачаныя выдаткі і грошы для транспарціроўкі Насці. Калі гэта атрымаецца зрабіць, у канцы красавіка дзяўчынку адправяць у клініку ў Ізраіль.

Нагадаем, восенню 2014 года Насцю на пешаходным пераходзе збіла машына, дзяўчынка перажыла кому і некалькі аперацый і цяпер, каб вярнуцца да паўнацэннага жыцця, мае патрэбу ў складаным лячэнні і рэабілітацыі за мяжой.

FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.